Лукашэнка падпісаў указ па дамах у сельскай мясцовасці
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №118, які павінен дапамагчы больш эфектыўна выкарыстоўваць дзяржаўны жыллёвы фонд і паскорыць уключэнне ў гаспадарчы абарот жылых памяшканняў у сельскай мясцовасці. Аб гэтым паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
У дакуменце сказана, што зараз не трэба адначасова вызначаць рынкавы і ацэначны кошт такіх дамоў. Гэта адносіцца да сітуацыі як пры адчужэнні жылых памяшканняў на аўкцыёне, так і без яго правядзення. Пачатковую цану для продажу такога жылля вызначаць па яго ацэначным кошце, паведамляе officelife.media.
Прадугледжана ўказам і паэтапнае зніжэнне цэнніка на такія домікі ў вёсцы, аж да адной базавай велічыні. Праўда, пры такім кошце (няхай гэта будзе аднакватэрны або блакіраваны жылы дом) зямельны ўчастак, неабходны для абслугоўвання дома, пакупніку дадуць у арэнду без правядзення аўкцыёну і без платы за права заключэння дагавора арэнды ўчастка.
Рэгулюе ўказ і парадак перадачы жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ў бязвыплатным карыстанні гаспадарчых таварыстваў, створаных па заканадаўстве аб прыватызацыі. Размова ідзе аб сітуацыях, калі нерухомасць хочуць перадаць іншым гаспадарчым таварыствам і рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб’яднанням.