Лукашэнка падтрымаў прапановы „дэкрыміналізацыі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці”
Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапановы Савета па развіцці прадпрымальніцтва аб дэкрыміналізацыі заканадаўства ў дачыненні да бізнесу, паведаміў старшыня савета Аляксандр Турчын на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі „Фіскальная палітыка ў мэтах устойлівага эканамічнага развіцця” 28 сакавіка ў Менску. Каментуючы сваю ўчарашнюю сустрэчу з Лукашэнкам, Турчын расказаў: „Быў асобны блок пытанняў па дэкрыміналізацыі бізнесу. Кіраўніку дзяржавы былі ўнесены прапановы па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса, што тычацца як незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, так і лжэпрадпрымальніцтва. Падыходы былі ўхвалены„.
Паводле слоў Турчына, у найбліжэйшы час на сайце Савета па развіцці прадпрымальніцтва будзе апублікаваны праект змяненняў і дапаўненні ва ўказ прэзідэнта № 488 аб барацьбе з ілжэпрадпрымальніцтвам, які абмяркоўваўся на сустрэчы з Лукашэнкам.
Рашэнне аб падрыхтоўцы законапраектаў па карэкціроўцы крымінальнага заканадаўства ў дачыненні да бізнесу было прынята ўрадам вясной 2017 года. Летам прэс-служба Мінэканомікі паведамляла, што гэтай працай займаюцца дзве групы — міжведамасная экспертная група па выпрацоўцы прапаноў па пытаннях дэкрыміналізацыі эканамічнай рызыкі суб’ектаў гаспадарання і рабочая група па пытаннях удасканалення норм адміністрацыйнай адказнасці ў сферы прадпрымальніцкай дзейнасці. Эксперты працуюць над „карэкціроўкай норм крымінальнага заканадаўства з мэтай паляпшэння інвестыцыйнага асяроддзя і стварэння спрыяльных умоў, якія садзейнічаюць разняволенню дзелавой ініцыятывы і паляпшэнню дзелавога клімату”, паведамляла Мінэканомікі.
У прыватнасці, прапаноўвалася скараціць колькасць правапарушэнняў у эканамічнай сферы, у выпадку выяўлення якіх вінаватым пагражае крымінальная адказнасць. Плануецца таксама максімальна звузіць сферу прымянення такога пакарання, як пазбаўленне волі за ўчыненне эканамічных злачынстваў.
Незалежныя эксперты неаднаразова заяўлялі, што пазбаўленне волі — гэта крайняя мера, якую трэба асцярожна выкарыстоўваць, паколькі эканамічны эфект ад такога пакарання можа быць вельмі негатыўным. „Калі пакаранне забівае бізнес або ставіць яго на грань банкруцтва, гэта негатыўна адбіваецца на доўгатэрміновых падатковых паступленнях і на працоўных месцах. Пакаранне за правапарушэнні ў эканамічнай сферы павінна быць адэкватным, інакш мы будзем рэзаць дойную карову, якая нас усіх корміць„, — заяўляў у каментары БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
Акрамя таго, адзначалі эксперты, пастаянны паток навін аб тым, што бізнесменаў у Беларусі кідаюць у турму, падрывае патэнцыял для ўнутраных інвестыцый і не спрыяе прыцягненню знешніх. БелаПАН