Лукашэнка пагражае нацыяналізаваць кампаніі з замежным капіталам
Аляксандр Лукашэнка паабяцаў нацыяналізаваць прадпрыемствы, уладальнікамі якіх з’яўляюцца інвестары з так званых недружалюбных краін. Аб гэтым ён заявіў падчас наведвання Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.
Перспектывы кампаній з замежным капіталам ён абмаляваў у кароткім дыялогу з кіраўніком аблвыканкама Віцебскай вобласці Аляксандрам Субоціным. Відэа размовы апублікавала прэс-служба Лукашэнкі ў сваім тэлеграм-канале.
«Дамы трэба будаваць. Здаецца, расіяне нешта робяць падобнае», — адзначыў Лукашэнка.
Губернатар Віцебскай вобласці Субоцін пацвердзіў, што гэта так.
«І да нас хацелі заходзіць літоўцы з гэтым праектам», — дадаў ён.
Лукашэнка адказаў:
«Каб я і блізка не бачыў вашых больш літоўцаў, фінаў і іншых. Мы ведаем, як яны заходзілі і як яны пакідалі ўсё і павыходзілі. Мы ведаем гэта. І зараз не хачу называць прадпрыемства, ужо мне сігналізуюць, што адны збеглі, фіны. А літоўцы бегаюць, шукаюць, як гэта, каб не кінуць прадпрыемства, а добра яго прадаць. Дык вось яны павінны ведаць, што ніхто нічога не прадасць з замежным капіталам. Гэта будзе нацыяналізавана. Вось і ўсё», — сказаў палітык.
Нагадаем, Савет міністраў сваёй пастановай вызначыў пералік прадпрыемстваў з замежным капіталам і забараніў здзелкі з долямі замежных уласнікаў. Першапачатковы абмежавальны пералік кампаній быў апублікаваны ў пачатку ліпеня. У яго былі ўключаны 190 прадпрыемстваў. Затым у верасні ў яго ўнеслі змены: былі дададзеныя 4 кампаніі, але выключана ЗТАА «ЛУКОЙЛ Беларусь». У пачатку лістапада замежнікам з так званых недружалюбных краін, якія валодаюць бізнэсам у Беларусі, забаранілі рэарганізоўваць свае кампаніі ці выходзіць з іх.
Вядома пра адну літоўскую кампанію, якой удалося выйсці з бізнэсу ў Беларусі — Linas Agro Group атрымала дазвол МАРГ на продаж беларускага прадпрыемства «Белфідагра».