Лукашэнка папрасіў Пуціна знізіць цану на газ



Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай сустрэчы членаў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якая адбылася 14 красавіка ў рэжыме відэаканферэнцыі, звярнуўся да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна з просьбай аператыўна разгледзець пытанне цаны на прыродны газ.

„У гэтай частцы мой асаблівы зварот да прэзідэнта Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна, каб мы аператыўна маглі разгледзець гэтае пытанне”, — сказаў Лукашэнка, фрагмент выступу якога размешчаны ў телеграм-канале „Пул Першага”.

Беларускі кіраўнік адзначыў, што, пакуль бакі не выйшлі на агульныя энергетычныя рынкі ў ЕАЭС, трэба дамовіцца аб тым, як паступіць у гэтай сітуацыі. „У першую чаргу гэта датычыць цэн і разлікаў за прыродны газ. Відавочна, што пры такой рэзкай змене эканамічнай кан’юнктуры цана павінна быць больш адаптыўнай, а механізм разлікаў — уздымным для спажыўцоў”, — заявіў ён.

„Хацеў бы звярнуць увагу, што мы ўвайшлі ў крызіс з нявырашаным базавым для ўстойлівай работы эканомікі пытаннем. Гэта энергетыка, цэны на рэсурсы і разлікі за іх. Вядома, мы не чакалі, што такая сітуацыя складзецца. Але тым не менш факт відавочны. Такая нягнуткасць негатыўна ўплывае на ўвесь ланцужок фарміравання дададзенага кошту. А значыць, падрывае ўстойлівасць функцыянавання саюза”, — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта.

Напярэдадні Лукашэнка на нарадзе са сваімі вышэйшымі чыноўнікамі заявіў, што Расія можа дапамагчы Беларусі, знізіўшы кошт на газ. „Калі хочаце дапамагчы, зрабіце нам сусветную цану па прыродным газе, — сказаў ён. — Сёння ў Еўропе прыродны газ Расія прадае па 80 долараў, не вышэй за 90 долараў за тысячу кубаметраў, а мы плацім 127 долараў. Дзе такая цана сёння ёсць? Вось хочаце дапамагчы — дапамажыце. Ні грошай, нічога не просім. Навошта з нас шкуру драць?”

belapan.by

Фота: БелТА