Лукашэнка паставіў задачу знізіць пастаўкі нафты з Расеі



Беларусі трэба дыверсіфікаваць экспарт нафты, каб пастаўляць з расейскага рынку 30-40% неабходных аб’ёмаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 студзеня ў Менску на нарадзе па пытаннях павышэння эфектыўнасці рэалізацыі нафтапрадуктаў на экспарт, паведамляе belapan.

„Сапраўды, цяпер у поўным аб’ёме альтэрнатывы няма пастаўкам расейскай нафты. Але, як мы дамаўляліся, дыверсіфікавацца нам трэба. Трэба ісці да таго, што 30-40% мы будзем купляць нафты ў Расійскай Федэрацыі. Працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну — правераны ўжо шлях. Магчыма, Казахстан зможа паставіць нам нафту, калі Расея пагодзіцца з гэтым, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Дзіўна: наш саюзнік не дае згоды на пастаўку нафты ад нашага іншага саюзніка. Што ж, такая сітуацыя зараз па пастаўках нафты, і мы павінны з гэтым разабрацца”.

„Эканамічныя ўмовы, у якіх мы вымушаныя працаваць, ускладняюцца. З-за ўвядзення Расійскай Федэрацыяй падатковага манеўру непазбежна зніжаюцца даходы рэспубліканскага бюджэту, пагаршаецца эфектыўнасць працы нашых нафтаперапрацоўчых заводаў. НПЗ сутыкнуліся з праблемай фінансавання бягучай дзейнасці і, што немалаважна, сваіх інвестыцыйных праграм, накіраваных на развіццё вытворчасці „, — заявіў Лукашэнка.

„Перад удзельнікамі нарады ён паставіў шэраг пытанняў, — паведамляе прэс-служба. — Яны датычацца прагнозаў развіцця сусветнага рынку нафты і нафтапрадуктаў на найбліжэйшы час і сярэднетэрміновую перспектыву, дзеянняў для апярэджання магчымых негатыўных тэндэнцый, рэзерваў па павышэнні эфектыўнасці экспарту нафтапрадуктаў у існуючых умовах”.

Лукашэнка таксама пацікавіўся, як выконваецца яго патрабаванне аб арганізацыі паставак нафты, альтэрнатыўных расійскім.

Фота БелТА