Лукашэнка патрабуе ад чыноўнікаў не перашкаджаць рабоце бізнесу



У Беларусі больш няма ніякіх перашкодаў для прадпрымальніцкай дзейнасці, заявіў Аляксандр Лукашэнка 22 снежня на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў.

„Ключавым з прынятых дакументаў з’яўляецца дэкрэт (дэкрэт № 7 аб развіцці прадпрымальніцтва. — БелаПАН.), у якім гаворка ідзе пра тое, каб даць людзям магчымасць развіваць сваю справу, а не думаць пра шматлікія бюракратычныя фармальнасці. Хочаш займацца бізнесам — ідзі і працуй, больш ніякіх перашкод гэтаму няма. Дастаткова падаць адно-адзінае паведамленне ў выканкам — усё, на наступны дзень можна пачынаць працу”, — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, усе тэхнічныя патрабаванні сабраныя ў адным дакуменце і зведзеныя да мінімуму: колькасць правілаў пажарнай бяспекі скарочаная ў 11 разоў, санітарных патрабаванняў — у 13 разоў, ветэрынарных — у 10. Скасаваныя многія састарэлыя адміністрацыйныя працэдуры.

„Ну навошта нам узгадняць рэжым працы гандлёвага аб’екта? Прыватнік сам зацікаўлены працаваць столькі, колькі пакупнікі ідуць да яго па тавары. Калі ў дзяржавы будзе нейкі іншы інтарэс, мы дамовімся. Або створым дзяржаўную кропку гандлю, абавяжам яе працаваць у той час, у які дзяржава лічыць патрэбным”, — сказаў Лукашэнка.

Ён запатрабаваў ад кантралюючых органаў і мясцовай улады не абмяжоўваць ініцыятыву людзей, дапамагаць і аказваць належнае спрыянне прадстаўнікам бізнесу. „Калі чалавек хоча нешта рабіць, не перашкаджайце яму, а дапамажыце. Калі ён чагосьці не ведае — растлумачце. Толькі такім стаўленнем мы зможам забяспечыць максімальную самазанятасць людзей”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што з улікам запытаў насельніцтва павялічаны пералік відаў дзейнасці, якая не адносіцца да прадпрымальніцкай. Для тых, хто гэтым займаецца, дастаткова раз на квартал унесці невялікую суму і накіраваць ліст у падатковую.

„Галоўнае — не абмяжоўваць ініцыятыву людзей. Хоча чалавек булачкі пячы і прадаваць — хай займаецца, калі попыт на выпечку ёсць”, — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама заклікаў прадпрымальнікаў больш актыўна развіваць бізнес у малых гарадах і сельскай мясцовасці.

Лукашэнка выказаў заклапочанасць тым, што малы і сярэдні бізнес сёння засяродзіўся ў асноўным у сталіцы і іншых буйных гарадах. „Калі гэта сфера паслуг — то яшчэ зразумела: дзе больш людзей — там і гандаль, і іншы сэрвіс. Але калі казаць пра вытворчасць, то яго лепш ствараць на перыферыі, дзе недарагая рабочая сіла, свабодная зямля, блізкасць да рэсурсаў. Акрамя таго, там дзейнічае рэжым прэферэнцый, уключаючы льготы па падатках, мытных пошлінах, паслабленні пры экспартным гандлі”, — дадаў прэзідэнт.

„Мы абавязаныя сур’ёзна падумаць аб вяскоўцах і аб якасці іх жыцця”, — падкрэсліў Лукашэнка. Паводле яго слоў, сучасныя людзі маюць патрэбу ў якасным рамонце дамоў, бытавой тэхнікі, у стрыжцы, пашыве адзення, шмат у чым іншым. „Малы бізнес здольны гэта зрабіць. Але павінны быць адпаведныя ўмовы і даступныя кошты на паслугі ў сельскай мясцовасці”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, ва ўказе аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання прадугледжана ўсё магчымае для памяншэння выдаткаў сельскіх прадпрымальнікаў. Няма падатку на дададзены кошт — а гэта прыкладна пятая частка цаны. Падатак на прыбытак складае ўсяго 6% — у тры разы ніжэй за агульную стаўку, падаткі на зямлю і нерухомасць наогул не спаганяюцца.

„Вызначаць канкрэтныя тэрыторыі з такім льготным рэжымам будуць абласныя саветы дэпутатаў, гэта значыць, на месцах. Тут патрэбен разумны падыход. Каб не атрымалася так: мяжу Мінска ці абласнога цэнтра перасёк, а там ужо падатковы рай. Не для таго прынятыя такія значныя паслабленні. Дарэчы, калі ў аддаленых раёнах імі скарыстаецца замежны бізнес — напрыклад, з прымежных Браншчыны, Смаленшчыны, літоўскіх ці ўкраінскіх рэгіёнаў – то гэта толькі плюс. Важна захаваць сяло і даць яму новае жыццё”, — заявіў Лукашэнка.

belapan.by