Лукашэнка паведаміў, што пачынаецца прыватызацыя калгасаў



Аляксандр Лукашэнка не супраць прыходу ў беларускую сельскую гаспадарку прыватнага капіталу, аднак не хоча, каб пры гэтым „быў пакрыўджаны чалавек”. Пра гэта, як паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі, ён заявіў 22 чэрвеня ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці.

„Прайшло прыкладна 15 гадоў пасля таго, як была прынятая праграма мадэрнізацыі нашай вёскі і АПК. Сёння паўстала пытанне, а што далей, як жыць далей. Я не прыхільнік, каб прыватызаваць калгасы і саўгасы. Але, думаю, на мяне сяляне не пакрыўдзяцца, калі я буду кропкава прымаць рашэнні аб прыватызацыі — прадаваць, пускаць прыватніка ў сельскую гаспадарку. Таму што за 20 гадоў я вам даў часу — вызначайцеся. І той, хто хоча працаваць на зямлі без „памешчыка”, той сёння працуе. А хто не хоча, ну ўжо дазвольце. Дзяржава на плячах не можа вас несці альбо не павінна несці”, — заявіў ён.

„Таму мы не супраць, каб сюды прыйшоў прыватны капітал. Але пад жалезную ўмову. І маё жалезная ўмова — каб тут не быў пакрыўджаны чалавек. Ён павінен прыходзіць на працу, тэхналагічна забяспечваць працэс, атрымліваць дастойную зарплату”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На думку Лукашэнкі, „за мінулыя пяцігодкі ўдалося выратаваць, аднавіць і развіць аграсектар ў Беларусі, арганізаваць харчовую бяспеку краіны, стварыць аграгарадкі, забяспечыць неабходныя сацыяльныя ўмовы для жыцця людзей на вёсцы”.

belapan.by