Лукашэнка павысіў ролю Савета па развіцці прадпрымальніцтва
Аляксандр Лукашэнка 10 кастрычніка падпісаў указ № 370 „Аб Савеце па развіцці прадпрымальніцтва”, які ўваходзіць у пакет дакументаў, накіраваных на развіццё прадпрымальніцтва і стымуляванне дзелавой актыўнасці.
Дакумент, як паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны, прадугледжвае павышэнне ролі савета за кошт надзялення яго некаторымі дадатковымі паўнамоцтвамі.
Да яго кампетэнцыі цяпер будзе адносіцца разгляд і ўзгадненне праектаў нарматыўных прававых актаў, у тым ліку тэхнічнага характару, якія аказваюць уплыў на парадак і ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. „Больш за тое, савет зможа наўпрост уносіць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства ў Міністэрства эканомікі і ўрад. Гэтыя прапановы будуць з’яўляцца абавязковымі для разгляду”, — падкрэсліла прэс-служба.
Згодна з новым указам члены савета змогуць браць удзел у працы грамадска-кансультатыўных саветаў па развіцці прадпрымальніцтва, створаных пры дзяржорганах і іншых арганізацыях, падпарадкаваных ураду, мясцовых органах улады. „Практыка паказвае, што менавіта на такіх пляцоўках шляхам дыскусій і абмену думкамі выпрацоўваюцца, а потым і прымаюцца найбольш эфектыўныя рашэнні па рэгуляванні бізнес-сферы”, — адзначаецца ў рэлізе.
Указам таксама абноўлены склад савета. У яго ўвайшлі прадстаўнікі малога, сярэдняга і буйнога бізнесу, занятыя ў розных сферах эканамічнай дзейнасці. Спіс членаў абноўленага савета пакуль не прыводзіцца.
Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце быў створаны ў 1999 годзе. У яго папярэдні склад уваходзілі каля 20 чалавек, у тым ліку бізнесмены Юрый Чыж, Яўген Баскін, Віталь Кастагораў і Андрэй Паўлоўскі, якія трапілі ў апошнія гады пад крымінальны пераслед. Савет узначальваў экс-кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч.
Пра неабходнасць пераўтварэння савета афіцыйны лідар упершыню заявіў 3 лютага 2017 года падчас сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ. 19 верасня па выніках даклада Аляксандру Лукашэнку аб павышэнні ролі савета міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі паведаміў, што абноўлены орган можа ўзначаліць кіраўнік апарата ўрада Аляксандр Турчын.
„Вы прапаноўваеце прыняць рашэнні па Савету па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце, каб ён быў больш уцягнуты ў працэсы, якія адбываюцца ў асяроддзі прадпрымальнікаў. Асабліва калі мы мяняем нейкія правілы або з’яўляюцца новыя правілы, каб савет мог уносіць прапановы, абмяркоўваць гэтыя прапановы ва ўрадзе, міністэрствах, ведамствах. Добрая норма, я з ёй згодны, — заявіў Лукашэнка на сустрэчы з Зіноўскім. — Калі савет уносіць прапанову ва ўрад, яна абавязкова павінна быць разгледжана, я згодны з павышэннем ролі савета. Мы павінны яшчэ раз паглядзець на склад гэтага савета і зрабіць яго дзейсным інструментам”.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што зняцце адміністрацыйных бар’ераў павінна пацягнуць узмацненне адказнасці бізнесу: „Мы здымаем амаль усе бар’еры. З іншага боку, я патрабаваў вельмі строгую адказнасць бізнесменаў, кіраўнікоў кампаній за вынік, за тое, што адбываецца ў іх у фірмах. Дапусціўшы нейкія пралікі, не дай бог загінулі людзі — збірайся і ідзі ў турму. А як інакш? Вось вам свабода і ніякай адказнасці? Не”.
Лукашэнка адзначыў, што сустракаўся з бізнесменамі і яны згодныя з патрабаваннямі аб узмацненні адказнасці. „І мяне ўжо многія папярэджваюць: глядзіце не сыдзіце ад кантролю за намі. Калі вы не жадаеце страціць кіруемасць у эканоміцы і (даслоўна кажу) спарадзіць у краіне бардак, кантроль павінен быць. Я супраць залішняга кантролю, але трэба пакінуць тыя кантрольныя функцыі, якія патрэбныя дзяржаве”, — заявіў афіцыйны лідар.
belapan.by