Лукашэнка пра фермераў: Ім трэба аддаваць зямлю — няхай працуюць



Падчас наведвання 29 ліпеня фермерскай гаспадаркі „Цнянскія экапрадукты” ў Лагойскім раёне Менскай вобласці Аляксандр Лукашэнка паабяцаў падтрымліваць фермераў і „дашліфаваць заканадаўства” ў сельскай гаспадарцы.

„Цнянскія экапрадукты” спецыялізуюцца на вырошчванні бульбы, гаспадарка дамаглася „высокіх вытворчых вынікаў і актыўна развіваецца”, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле слоў Лукашэнкі, у справе аднаўлення нерэнтабельных і нізкарэнтабельных гаспадарак трэба ў тым ліку арыентавацца на фермераў: „У нас трэць ці чвэрць гаспадарак, з якімі вы не спраўляецеся. Ну так трэба больш шырока выкарыстоўваць фермераў”.

„Але гэта не павінна быць бяздумна, — дадаў ён. — У дзяржавы заўсёды павінна быць жорсткая падушка бяспекі”. „У нас ёсць добрыя фермеры, якія сябе зарэкамендавалі. Хочуць — аддайце лепш ім, і не спяшаецеся аддаваць замежнікам. А калі аддаяце, то жалезабетонна пад ўмовы. Вёска ў нас выходзіць на нармальны ўзровень развіцця. Не страцьце кіраванне ў сельскай гаспадарцы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да чыноўнікаў.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што „з прыватнікам часам нават прасцей працаваць, чым з дзяржаўным кіраўніком”. „Але трэба бачыць эфектыўнасць, харчовую бяспеку дзяржавы. Хіба прыватнікі выцягнулі б вёску 10 гадоў таму, калі мы стваралі праграму?” — сказаў ён.

Ацэньваючы вынікі працы „Цнянскіх экапрадуктаў”, Лукашэнка падкрэсліў выключную важнасць наяўнасці адукаванага кіраўніка, які можа належным чынам арганізаваць працоўны працэс. „Калі няма кіраўніка — ніколі не будзе гаспадаркі. Дайце мне сотню рэвалюцыянераў, і мы перавернем Беларусь. Ёсць нармальныя людзі, і ім трэба аддаваць зямлю. Няхай працуюць”, — зноў паўтарыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка прапанаваў стварыць холдынг на базе некаторых фермерскіх гаспадарак. „Трэба падумаць аб нейкім холдынгу, некалькіх гаспадарках. Думаю, адсюль ужо два-тры чалавекі кіраўнікоў знойдзецца. Калі гатовы паўтарыць у іншых гаспадарках тое, што ёсць, — скажы”, — звярнуўся прэзідэнт да кіраўніка фермерскай гаспадаркі Уладзіміра Адамовіча.

На думку Лукашэнкі, Адамовіч „можа ўзяць тры-чатыры, магчыма, пяць гаспадарак, нават у розных галінах, калі ў яго ёсць жаданне і грошы”. Асаблівы акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў на неабходнасці падтрымкі мясцовага насельніцтва з боку кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў незалежна ад формы ўласнасці і заявіў, што ў перспектыве дзяржава будзе падтрымліваць „як прыватнікаў, так і дзяржаўнікаў выключна зыходзячы з гэтага фактару”.

„Бізнес — бізнесам, працуйце. Не будзем перашкаджаць, дашліфуем заканадаўства. <…> Мы ў гэтым плане возьмем потым нахіл. Зараз мы падтрымліваем нават вытворчасць, каб вы паўсталі на ногі. А потым мы будзем займацца сацыяльнымі пытаннямі, пытаннямі інфраструктуры, а вы — вытворчасцю. Але вас будзем падтрымліваць за тое, што вы па-чалавечы ставіцеся да людзей, якія жывуць у вёсках на вашай тэрыторыі”, — паабяцаў Лукашэнка.

belapan.by