Лукашэнка пра фінансава-эканамічны крызіс: Мы ўжо туды адной нагой уступілі



У Беларусі аналізуюць, як будзе развівацца фінансава-эканамічная сітуацыя ў свеце, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 сакавіка, размаўляючы з журналістамі падчас наведвання навукова-вытворчага прыватнага прадпрыемства «Адані» ў Менску.

«Не хачу быць банальным, проста выкажу сваё меркаванне, – цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. – Што тычыцца фінансава-эканамічнага крызісу, мы ўжо туды адной нагой уступілі. А цяпер, паколькі валацільнасць і ваганні па ўсіх кірунках вельмі высокія, спрабуем гэтую нагу вярнуць на месца. У чым галоўнае пытанне: ці ўдасца нам назад гэтую нагу вярнуць і побач паставіць ці мы туды і другую нагу ўсунем?»

Паводле слоў Лукашэнкі, пакуль незразумела, наколькі моцна пагоршыцца эканамічная сітуацыя ў свеце. Магчыма, у краін яшчэ атрымаецца вярнуцца да таго ўзроўню развіцця, які быў учора. «Трэба аналізаваць, што мы цяпер робім. Наперадзе – пасланне прэзідэнта народу і парламенту, таму прапрацоўваем і аналізуем некаторыя кірункі. Магчыма, да таго часу сітуацыя дазволіць нам зрабіць пэўныя адназначныя высновы», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Журналісты пацікавілася, як анамальна цёплая зіма і ў цэлым змены клімату адаб’юцца на сельскай гаспадарцы і ці гатовая краіна да кліматычных катаклізмаў. Лукашэнка падкрэсліў, што аграрны сектар эканомікі гатовы да змен клімату, а сённяшняя сітуацыя проста ідэальная для пасяўной, паведамляе прэс-служба.

БелаПАН