Лукашэнка прапануе пачаць пастаўкі нафты ў Беларусь праз прыбалтыйскія парты



Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня на нарадзе аб „сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў 2019 годзе і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў” даручыў ураду прапрацаваць пытанне альтэрнатыўных варыянтаў пастаўкі нафты ў Беларусь.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што сёлета плануецца скончыць мадэрнізацыю двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, пасля чаго Беларусь зможа купляць нафту для наступнай перапрацоўкі не толькі ў Расеі.

„Я ўжо даўно ставіў задачу, і нам трэба яе вырашыць: адкрыць альтэрнатыўную пастаўку нафты праз прыбалтыйскія парты. Калі літоўцы не згодны — з латышамі дамовіцца і закупляць гэтую нафту. Перапрацоўваць на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе і забяспечваць Балтыйскія рэспублікі”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, для краін Балтыі гэта будзе танней, чым цяпер, калі яны купляюць нафтапрадукты па сусветных цэнах. „Можна дамовіцца так, што гэта будзе наша агульная нафта, якую мы перапрацуем на мадэрнізаваным Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. Тым больш у нас нават ёсць некаторыя магчымасці ў гэтым плане”, — адзначыў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў „не гіпербалізаваць праблем, звязаных са стратамі беларускага бюджэту з-за падатковага манеўру ў Расеі, а шукаць іншыя надзейныя крыніцы, якія кампенсуюць гэтыя негатыўныя моманты”. „Але хачу папярэдзіць: пра такія рашэнні, як перакладанне гэтых праблем на плечы нашых людзей, беларусаў, нават не думайце. Насельніцтва не павінна адчуць ніякага дадатковага цяжару. Прынамсі ў гэтым, наступным годзе наогул няма ніякіх праблем, нават калі б мы нічога не кампенсавалі”, — сказаў ён.

На думку Лукашэнкі, зарабіць дадатковыя 400 млн долараў (у столькі ацэньваюцца гадавыя страты з-за падатковага манеўру РФ. — БелаПАН.) для Беларусі не праблема: „Па парытэце пакупальнай здольнасці, як цяпер прынята лічыць, ВУП Беларусі — пад 80 млрд долараў. Што тут за праблема? Няма такой”. „Таму не трэба лічыць, што гэта катастрофа. Калі абярэ кіраўніцтва Расеі такі шлях руху і страту адзінага саюзніка на заходнім напрамку, гэта іх выбар. Мы ж іх прымусіць не можам”, — заявіў Лукашэнка.

Раней Беларусь арганізоўвала разавыя пастаўкі нафты з Азербайджана, Венесуэлы і Ірана.

БелаПАН