Лукашэнка прапануе пераарыентаваць лагістычныя паслугі з Літвы на Беларусь



Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пераарыентаваць лагістычныя паслугі з Літвы на Беларусь. Пра гэта ён заявіў 5 кастрычніка падчас дакладу старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Сянько.

Лукашэнка нагадаў, што Беларусь і Расея зараз абмяркоўваюць пераарыентацыю беларускіх грузаў (нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў і іншых тавараў) з балтыйскага кірунку на порт Усць-Луга. „Як Мытны камітэт бачыць пераарыентацыю гэтых грузаў? І ў развіццё гэтага — нашы лагістычныя цэнтры. У нас створаныя магутныя лагістычныя цэнтры. Вельмі многія паслугі, у тым ліку для нашых суб’ектаў гаспадарання і для суб’ектаў краін ЕАЭС, аказваюцца ў той жа Літве. Але, наколькі я інфармаваны, гэтыя паслугі мы можам аказаць гэтым перавозчыкам у Беларусі. Як вы бачыце вырашэнне гэтай праблемы?” — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

„Перш за ўсё я хацеў бы літаральна ў двух словах пачуць аб выніках працы вашага ведамства, каб у разрэзе праз мытныя службы ацаніць сітуацыю ў нашай эканоміцы. Вы разумееце, што мытня — гэта ў большай ступені, чым іншыя ведамствы, люстэрка нашай эканомікі. Якія ў нас ёсць вузкія месцы? Як мы развіваемся ў гэтых складаных умовах сусветнага крызісу, звязанага перш за ўсё з пандэміяй? І што, з вашага пункта гледжання, трэба зрабіць найбліжэйшым часам, каб утрымаць эканоміку сёлета?” — акрэсліў ён некалькі пытанняў.

Лукашэнка таксама пацікавіўся сітуацыяй на межах з Літвой, Латвіяй, Польшчай і Украінай: „Асабліва што да дзвюх балтыйскіх дзяржаў — Літвы і Латвіі. Як вы мне дакладаеце, амаль 40% грузавікоў, якія вязуць грузы ў Беларусь, сёлета ідуць з Літвы і Латвіі. Гэта велізарны аб’ём. Калі мы возьмемся за гэты паток, то лагістычныя пункты Літвы недаатрымаюць дзесьці чвэрць”.

Як паведаміў Сянько, за студзень—жнівень беларускую мытную мяжу з краінамі Балтыі, Польшчы і Украіны перасек 71 млн тон тавараў, на 15% менш, чым за такі ж перыяд мінулага года. „На гэта паўплывала ў тым ліку Расея, якая на 30% знізіла аб’ём нафтапрадуктаў, што рэалізоўваліся для краін Заходняй Еўропы. Наша змяншэнне экспарту і імпарту адбылося толькі на 10%, — адзначыў старшыня ДМК. — У асноўным гэта чыгуначны транспарт. На аўтамабільных пунктах пропуску сітуацыя на мяжы практычна не адбілася, толькі ў пачатку пандэміі, калі было агульнае зніжэнне пакупніцкай актыўнасці насельніцтва як у Еўропе, так і ў краінах ЕАЭС. Але ўжо ўсе патокі аднаўляюцца”.

belapan.by