Лукашэнка прыгразіў Расеі адборам нафты з транзітнай трубы
Калі Расея ў лютым не паставіць нафту ў патрэбных аб’ёмах, то Беларусь пачне адбор транзітнай расейскай нафты з нафтаправода „Дружба”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 лютага падчас сустрэчы з работнікамі Светлагорскага ЦКК (Гомельская вобласць).
„Праз Беларусь на Захад і для Беларусі прапампоўваецца 70 млн тон нафты. І яны не маюць ніякіх праблем. Загадзілі бруднай нафтай — да гэтага часу не разлічыліся за гэта, хоць у нас выйшла са строю абсталяванне ў Мазыры, Наваполацк пацярпеў і нафтаправод „Дружба”. Таму калі не паставяць у лютым, будзем да 2 млн тон дабіраць”, — папярэдзіў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што Беларусь працягне дыверсіфікаваць закупкі. „Кажуць, вось, Лукашэнка ўмее лічыць, ён на гэта не пойдзе, ён не будзе купляць нарвежскую, амерыканскую, саудаўскую, азербайджанскую або венесуэльскую нафту. Буду, нават калі будзе даражэй. Мне Пуцін задае пытанне: „Слухай, Саша, а навошта ты даражэй будзеш купляць?” Я кажу: „Каб кожны год 31 снежня а 12 гадзіне ночы не стаяць перад табой на каленях”. Вось абсалютна дакладны быў адказ. „Ну, слухай, ну мы ж сябры. Хто перад кім стаіць?” Я кажу: „Я стаю”, — раскрыў беларускі кіраўнік падрабязнасці перамоў з прэзідэнтам Расеі.
„Так быць, кажу, не павінна. І так не будзе. Таму прадаеш па сусветнай цане — я купляю па сусветнай цане, перапрацоўваю, але прэміі мы табе за тое, што ты нам нафту па сусветнай цане прадаеш, плаціць не будзем”, — заявіў Лукашэнка. (Выкарыстана інфармацыя з навінавых сюжэтаў тэлеканалаў ОНТ і СТВ.)
У снежні Беларусь і Расія ўзгаднілі індыкатыўны баланс паставак нафты, у адпаведнасці з якім у 2020 годзе Беларусь павінна атрымаць 24 млн тон расійскай нафты.
Расійская кампанія „Транснефць” у 2020 годзе плануе паставіць на беларускія НПЗ 23,5 млн тон нафты (у адпаведнасці з індыкатыўным балансам), вынікае з паведамлення на сайце кампаніі.
Экспартныя пастаўкі па магістральным нафтаправодзе „Дружба” на гэты год запланаваны ў 50 млн тон.
У 2019 годзе на экспарт па трубаправодзе „Дружба” было пастаўлена 42,3 млн тон нафты (у 2018-м — 48,9 млн тон): у Германію — 16,1 млн тон (20,6 млн), Польшчу — 13,1 млн (15 млн), Чэхію — 3,8 млн (4 млн), Славакію — 5 млн (5,2 млн ), Венгрыю — 4,3 млн (4,1 млн).
Расія з 1 студзеня спыніла пастаўку нафты ў Беларусь з-за адсутнасці кантрактаў на 2020 год.
Фота theins.ru