Лукашэнка расказаў, чаму адмовіўся ад расейскай нафты



Расея прапанавала нафту па цане, вышэйшай за сусветную, таму прэзідэнты дзвюх краін не дамовіліся, – заявіў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння прэмій „За духоўнае адраджэнне” ў Менску 9 студзеня.

„У двух словах, чаму з прэзідэнтам Расеі не дамовіліся па нафце. Таму што РФ хоча, каб мы купілі ў яе нафту па цэнах вышэйшых за сусветную. Дзе такое бачана?! Таму я і адмовіўся ад такой нафты. І прама заявіў: калі не будзе паставак па сусветнай цане з Расіі нафты, мы знойдзем гэтую нафту ў іншым месцы. Што мы і робім. І знайшлі”, — прыводзіць словы Лукашэнкі набліжаны да яго тэлеграм-канал „Пул першага”.

1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь у сувязі са сканчэннем тэрміну гадавых кантрактаў. Новыя кантракты пакуль не падпісаныя. Пасля спынення паставак нафты Беларусь, у сваю чаргу, прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў, каб не дапусціць дэфіцыту паліва на ўнутраным рынку.

4 студзеня ААТ „Гомельтранснафта Дружба” паведаміла аб аднаўленні паставак расійскай нафты ў Беларусь. „У 17:02 адноўлены пастаўкі вуглевадароднай сыравіны на ААТ „Нафтан”. Графік паставак нафты носіць доўгатэрміновы характар. У найбліжэйшы час плануецца аднаўленне паставак нафты ў ААТ „Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод”, — паведамлялася на сайце кампаніі.

У той жа дзень намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзімір Сізоў паведаміў, што на першым этапе плануецца паставіць 130 тыс. тон і ў студзені — выйсці на 600 тыс. тон. Паводле яго слоў, гэтыя аб’ёмы з улікам ужо назапашаных рэсурсаў дазволяць бесперабойна функцыянаваць абодвум беларускім нафтаперапрацоўчым заводам, выконваць абавязкі па ўнутраным рынку і абмежавана выконваць абавязацельствы па экспарце.

У „Белнафтахіме” таксама заяўлялі, што расійская нафта закупляецца без прэміі для пастаўшчыка. Паводле дадзеных СМІ, прэмія складае каля 10 долараў за тону. Беларускі бок не назваў пастаўшчыка нафты. Расійскія СМІ са спасылкай на свае крыніцы пішуць, што пастаўкі ў Беларусь аднавілі кампаніі расійскага бізнесмена Міхаіла Гуцарыева, які ўваходзіць у блізкае атачэнне Аляксандра Лукашэнкі.

Зняць усе абмежаванні на экспарт нафтапрадуктаў „Белнафтахім” разлічвае ў канцы студзеня.

belapan.by