Лукашэнка распарадзіўся пабудаваць нафтавод Гомель-Горкі



З мэтай дыверсіфікацыі паставак нафты ў Беларусь у 2020-2023 гадах будзе рэалізаваны інвестыцыйны праект па будаўніцтве магістральнага нафтаправода Гомель -Горкі. Адпаведнае распараджэнне Аляксандр Лукашэнка падпісаў 29 красавіка, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Заказчыкам па праектаванні і будаўніцтве нафтавода вызначанае ААТ «Гомельтранснафта Дружба», генеральнай праектнай і генеральнай падраднай арганізацыяй – вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта».

Органам дзяржаўнага і мясцовага кіравання даручана аказваць садзеянне заказчыку ў будаўніцтве абʼекта і пры неабходнасці прымаць іншыя меры па рэалізацыі распараджэння.

Такім чынам, будаўніцтва гэтага ўчастка нафтавода дазволіць злучыць паміж сабой паўночную і паўднёвую веткі нафтаправода «Дружба», якія праходзяць праз Беларусь.

Як паведамлялася, з пачатку года расейскія кампаніі з «вялікай пяцёркі» («Раснефць», «Лукойл», «Газпром нефць», «Сургутнефцегаз», «Татнефць») адмаўляліся пастаўляць у Беларусь нафту без прэміі. У Менску ж настойвалі на яе адмене, паколькі расейская сыравіна і так падаражэла з-за падатковага манеўру ў РФ. Пасля трох месяцаў перамоў бакам удалося прыйсці да пагаднення.

У сувязі з наяўнай сітуацыяй Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб неабходнасці дыверсіфікаваць крыніцы нафты, каб пазбегнуць залежнасці ад аднаго пастаўшчыка.

БелаПАН