Аршанскі раён перавядуць на рэжым асаблівага функцыянавання
Аляксандр Лукашэнка 14 жніўня на нарадзе ў Оршы распарадзіўся перавесці Аршанскі раён на рэжым асаблівага функцыянавання, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
„Фактычна гэта азначае, што падвышаны попыт за дысцыпліну і дасягненне пазначаных задач будзе як з кіраўнікоў усіх узроўняў, так і з работнікаў, якія кожны на сваім месцы павінны зрабіць уклад у агульную справу. Паспяховая рэалізацыя намечанага стане „лакмусавай паперкай” не толькі для адказных асоб, але і для ўсёй краіны, узорам таго, як неабходна развіваць сярэднія па памеры гарады і раённыя цэнтры”, — гаворыцца ў паведамленні.
У цэлым, як адзначае прэс-служба Лукашэнкі, падчас нарады ён „выказаў немалую долю крытыкі” на адрас усіх кіраўнікоў высокага ўзроўню, адказных за рэалізацыю дадзеных раней даручэнняў, — кіраўніцтва ўрада, Адміністрацыі і Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, Савета бяспекі, губернатара і іншых прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады, а таксама старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі, які курыруе Віцебскую вобласць.
„Гэта ваша праца як начальніка штаба (Адміністрацыя прэзідэнта), і таго ж Шэймана, і таго ж Андрэйчанкі. Ён адказны тут разам з памочнікам Субоціным. Сядзяць, як мышы пад венікам. Я вас для чаго сюды накіраваў? Агіднае стаўленне да справы!”, — падкрэсліў афіцыйны лідар.
„Прэзідэнт патрабуе, а ва ўрадзе разумныя сядзяць — „ды пофіг, што ён там патрабуе”. І ў гэтым вінаватыя вы, я вам гэта публічна пры ўсіх кажу. Вы, былы кіраўнік маёй адміністрацыі, не стварылі ва ўрадзе напружання, каб рашэнні прэзідэнта былі бездакорна выкананы, — раскрытыкаваў кіраўнік дзяржавы работу прэм’ер-міністра Кабякова. — Я вас папярэджваў: працаваць там трэба, як у ваенны час. І Шэймана туды паслаў, які ні чорта не зрабіў у плане кантролю. Ні чорта — генерал! Таму вы мне не расказвайце”.
Па выніках нарады Лукашэнка даручыў вызначыць працоўную групу з ліку службовых асоб, якая зоймецца пытаннямі развіцця раёна. Яе першае пасяджэнне адбылося ў Оршы неўзабаве пасля ад’езду кіраўніка дзяржавы.
Фота прэс-службы кіраўніка дзяржавы