Лукашэнка сустрэнецца з прадпрымальнікамі



17-га сакавіка можа прайсці сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з беларускімі прадпрымальнікамі, паведаміў нашаму радыё лідар рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка.

Цяпер узгадняецца месца правядзення сустрэчы. У нас ёсць спадзяванні ад гэтай сустрэчы, тым больш што ўсе апошнія пастулаты нашай арганізацыі выконваюцца, адзначае Анатоль Шумчанка:

– Мы прасілі мараторый, фактычна сёння ён ёсць, мы дабіліся гэтага. Мы прасілі, каб былі сустрэчы і перамовы на вышэйшым узроўні, яны таксама сёння ідуць, мы прасілі сустрэчы з прэзідэнтам, яна таксама рыхтуецца. Цяпер трэба, каб улада больш-менш зразумела нашы праблемы, пачула і зарыентавалася ў сітуацыі.

Беларускія прадпрымальнікі за апошнія месяцы сутыкнуліся з шэрагам праблемаў, якія датычаць і сертыфікатаў якасці на тавары лёгкай прамысловасці, і росту падатковага ціску на прадпрымальнікаў. На сённяшні дзень з-за праблемаў не працуюць прадпрымальнікі ў Слоніме і Берасці, і калі ўлада не зменіць падыход да прадпрымальнікаў, многія будуць вымушаныя спыніць працу, адзначыў Анатоль Шумчанка.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя