Лукашэнка ў хуткім часе плануе наведаць будпляцоўку БелАЭС



Аляксандр Лукашэнка ў найбліжэйшы час можа прыехаць на будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС, каб азнаёміцца з ходам узвядзення гэтага ядзерна-энергетычнага аб’екта, заявіў журналістам на форуме „Атамэкспа” 14 мая ў Сочы (Краснадарскі край РФ) віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

„Будзе ў найбліжэйшы час, мабыць, даклад прэзідэнту нашай краіны непасрэдна на пляцоўцы атамнай станцыі. Мы павінны быць абсалютна гатовыя да гэтага”, — сказаў чыноўнік.

Сямашка нагадаў, што да канца 2019 года стаіць задача запусціць першы энергаблок БелАЭС, а да 1 ліпеня 2020-га — „увесці ў прамысловую эксплуатацыю, уключыць у сетку, выйсці на праектную магутнасць блока № 2”.

„5 мая мы сустракаліся прама на пляцоўцы будаўніцтва АЭС з [генеральным дырэктарам „Расатама” Аляксеем] Ліхачовым. Мы гэтую тэму абгаварылі, абмеркавалі працоўны графік, які ёсць, усе праблемныя пытанні, якія ёсць па графіку. Напружана, але тэрміны, якія я назваў, абсалютна рэальныя, будзем іх выконваць. Сёння ў мяне таксама плануецца сустрэча з кіраўніком „Расатама” Ліхачовым, мы зноў пэўныя працоўныя моманты абмяркуем”, — заявіў віцэ-прэм’ер.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года.

belapan.by