Лукашэнка ўхваліў праект міжурадавага пагаднення аб перавалцы беларускіх нафтапрадуктаў



Аляксандр Лукашэнка ўхваліў „у якасці асновы для правядзення перамоў” праект міжурадавага пагаднення з Расеяй „аб арганізацыі супрацоўніцтва ў галіне перавозкі і перавалкі нафтапрадуктаў з Беларусі, прызначаных для пастаўкі на экспарт у трэція краіны праз расейскія марскія парты”. Адпаведны ўказ падпісаны 16 лютага, паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.

Міністэрства транспарту і камунікацый упаўнаважанае на правядзенне перамоў па праекце пагаднення і яго падпісанне пры дасягненні адпаведных дамоўленасцяў.

Мінтранс РФ анансаваў, што Беларусь і Расея заключаць пагадненне 15 лютага. Аднак падпісанне было адкладзенае, бо беларускі бок не завяршыў унутрыдзяржаўныя працэдуры, паведаміла раней служба Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі.

Як паведамлялася, праект пагаднення прадугледжвае перавалку беларускімі прадпрыемствамі больш як 9,8 млн тон грузаў у расейскіх партах на Балтыцы ў 2021—2023 гадах. Гаворка ідзе пра мазут, бензін і масла. Пагадненне прадугледжвае заключэнне кантрактаў на прынцыпе take-or-pay. Калі грузаадпраўшчык забяспечвае перавалку ў аб’ёме меншым за ўзгоднены, марскі тэрмінал у любым выпадку атрымлівае плату за ўвесь узгоднены аб’ём. Дзеянне пагаднення разлічанае да канца 2023 года з магчымасцю аўтаматычнага працягу.

Аператары марскіх партовых тэрміналаў Ленінградскай вобласці і Санкт-Пецярбурга пацвердзілі гатоўнасць перавалкі гэтых нафтапрадуктаў і даванне зніжак пры ўмове заключэння доўгатэрміновых дагавораў зыходзячы з запланаванага аб’ёму нафтапрадуктаў, паведамілі ў расейскім Мінтрансе.

У жніўні мінулага года, пасля прыняцця першага пакета санкцый ЕЗ, Лукашэнка заявіў, што даў даручэнне ўраду аб пераарыентацыі беларускіх грузапатокаў з Літвы. У пачатку лютага стала вядома, што Беларусь і Расея найбліжэйшым часам падпішуць міжурадавае пагадненне аб транспартаванні нафтапрадуктаў цераз расейскія парты. Праект пагаднення расейскі ўрад ухваліў 27 студзеня. Міністэрству транспарту Расеі было даручана правесці перамовы і падпісаць дакумент.

Як чакаецца, прадукцыю беларускіх НПЗ будуць перавозіць да партоў РФ чыгуначным транспартам. Тарыфы на чыгуначныя перавозкі будуць устаноўлены ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам з улікам зніжак, якія даюцца паводле рашэння ААТ „РЖД” і Беларускай чыгункі. Бакі гарантуюць адсутнасць любога павышэння тарыфаў, за выключэннем штогадовай агульнай індэксацыі.

У адпаведнасці з праектам пагаднення, расейскі бок гарантуе даванне рухомага саставу для перавозкі беларускіх нафтапрадуктаў. Дакументам вызначаныя межавыя стаўкі на рухомы састаў і паслугі па перавалцы грузаў у марскіх партах Расеі.

У канцы лютага ў Сочы запланаваная сустрэча Лукашэнкі з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

БелаПАН