Лукашэнка ўхваліў праект пратакола аб змяненні газавага кантракта з Расеяй
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб ухваленні праекта пратакола аб унясенні змянення ў пагадненне з Расеяй па пастаўках газу. Дакумент апублікаваны 25 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
„Ухваліць праект пратакола аб унясенні змянення ў пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб парадку фарміравання цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Рэспубліку Беларусь і яго транспарціроўцы па газаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ад 25 лістапада 2011 года ў якасці асновы для правядзення перамоў”, — гаворыцца ва ўказе.
Акрамя таго, Лукашэнка даручыў ураду правесці перамовы па праекце пратакола, дазволіўшы ўносіць у яго змены, якія не маюць прынцыповага характару.
Менск раней настойваў на зніжэнні цаны на расейскі газ для Беларусі да ўзроўню Смаленскай вобласці — 73 долары за тысячу кубаметраў. У Маскве, у сваю чаргу, мелі намер павысіць цану да 152 долараў.
31 снежня мінулага года „Газпром” і ўрад Беларусі падпісалі пратакол аб цэнах на газ на студзень—люты 2020 года і дадаткі да кантрактаў на транзіт і пастаўку паліва, якія працягваюць іх да 2021 года. Згодна з дакументамі кантрактныя аб’ёмы паставак і транзіту ў 2020 годзе захаваны на ўзроўні 2019 года. У студзені—лютым Беларусь будзе атрымліваць газ па цане 2019 года, якая складае 127 долараў ЗША за 1 тыс. куб. м.
Перамоўны працэс аб пастаўках расійскага прыроднага газу ў Беларусь працягваецца.
Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі ў Маскве 19 снежня заявіў, што кошт газу для Беларусі, як для Смаленскай вобласці, магчымы пры стварэнні наднацыянальных органаў. „У Беларусі самыя нізкія цэны, якія толькі магчымыя для нашых замежных партнёраў. Гэта 127 долараў за тысячу кубоў. У Еўропу за 200 мы прадаем. У нас сярэдняўзважаная цана цяпер па Расеі на газ — 70 долараў за тысячу кубоў”, — сказаў Пуцін.
Ён адзначыў, што продаж газу Смаленскай вобласці, якая мяжуе з Беларуссю, датуецца, і Расія гатовая пры пэўных умовах знізіць кошт газу і для Беларусі. „Але што для гэтага трэба? Для гэтага патрэбныя агульныя правілы ў выглядзе законаў, у тым ліку ў сферы падатковага абкладання, у сферы датацыйнай палітыкі, у сферы падтрымкі з бюджэтаў розных узроўняў тых ці іншых галін. Для гэтага нават патрэбныя агульныя наднацыянальныя органы — кантрольны і эмісійны. Павінны агульныя правілы ў сферы антыманапольнай палітыкі працаваць, а можа быць, і агульны орган. Гэта велізарная праца, і яна можа быць праведзена толькі ў тым выпадку, калі ёсць палітычная воля і жаданне з абодвух бакоў”, — заявіў Пуцін.