Лукашэнка ўхваліў указ аб падтрымцы развіцця электратранспарту



Аляксандр Лукашэнка ўхваліў указ аб падтрымцы развіцця электратранспарту ў Беларусі, паведаміў 12 сакавіка тэлеграм-канал „Пул Першага”.

Дакумент устанаўлівае нулявую стаўку ПДВ пры ўвозе электрамабіляў, вызваляе ўладальнікаў электрамабіляў ад выплаты пошліны на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, а таксама ад платы за паркоўку ў абсталяваных месцах да 2026 года.

Акрамя гэтага, вызваляць ад ПДВ зарадныя станцыі, а зямельныя ўчасткі для будаўніцтва зарадных комплексаў будуць даваць у арэнду бясплатна.

Зараз на электрамабілі ў ЕАЭС устаноўленая адзіная стаўка мытнай пошліны 15%, а таксама падатак на дабаўленую вартасць пры ўвозе фізічнымі асобамі для асабістага карыстання 20%. Адпаведна, указам гэтыя стаўкі плануецца звесці да нуля. Дакумент пакуль афіцыйна не апублікаваны.

Як паведамляў БелаПАН, у Беларусі налічваецца прыблізна 350 электрамабіляў. Да 2025 года іх колькасць у краіне можа павялічыцца да 100 тысяч. Такі прагноз 5 сакавіка на прэс-канферэнцыі зрабіў намеснік генеральнага дырэктара вытворчага аб’яднання „Беларуснафта” Андрэй Коцік.

„У электрамабіляў вельмі вялікі патэнцыял, у першую чаргу, з-за фундаментальнай прычыны. І гэтая прычына — даступнасць, таму што электраэнергія — гэта даступны рэсурс. Нават у гэтым пакоі ёсць магчымасць падсілкаваць электрамабіль. Гэтая магчымасць ёсць у вас дома. Мы разлічваем, што да 2025 года колькасць электрамабіляў павялічыцца да 100 тысяч, у далейшым павелічэнне мяркуецца да 300 тысяч”, — сказаў Коцік.

На яго думку, павелічэнню колькасці электрамабіляў таксама будзе спрыяць развіццё зараднай інфраструктуры. Коцік нагадаў, што ў жніўні 2018 года ўказам прэзідэнта „Беларуснафце” было даручана стварыць сетку электразаправачных станцый (ЭЗС). На той момант у краіне было 17 зарадных станцый. За больш як паўтара года іх колькасць вырасла да 251, сярод якіх як павольныя, так і хуткія ЭЗС. Як паведаміў Коцік, кампанія забяспечыла зараднымі станцыямі АЗС на галоўных магістралях краіны, а таксама паркоўкі з буйнымі камерцыйнымі, спартыўнымі і культурнымі аб’ектамі.

Да 2022 года „Беларуснафта” запусціць прыблізна 640 зарадных станцый. Прычым з гэтага года пад брэндам Malanka будуць усталёўваць толькі хуткія ЭЗС. На іх можна будзе папоўніць запас ходу на 35 км за 7 хвілін. У сетцы з’явяцца і суперхуткія станцыі, якія зараджаюць электрамабіль за 10-12 хвілін на 345 км прабегу.

Зараз сетка зарадных станцый „Беларуснафты” здольная абслугоўваць прыкладна 9 тысяч электрамабіляў. У планах пашырыць яе так, каб блізу 2022 года зараджаць да 35 тысяч машын.

belapan.by

Фота greenbelarus.info