Лукашэнка ўстанавіў асаблівы падатковы рэжым на тэрыторыі Аршанскага раёна



Праграма развіцця Аршанскага раёна Віцебскай вобласці да 2023 года зацверджаная ўказам № 506, які падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

У праграму ўключаныя мерапрыемствы, накіраваныя на вырашэнне ключавых праблем раёна. Яе мэтай з’яўляецца стварэнне ўмоў для комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, павышэнне якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва, стымуляванне прадпрымальніцтва, рост даходаў мясцовага бюджэту.

Для гэтага плануецца рэалізаваць шэраг эканамічных, фінансавых, падатковых, адміністрацыйных і стымулюючых мер. Так, на тэрыторыі раёна ўсталёўваецца адмысловы рэжым падаткаабкладання як для новых, так і для дзейных суб’ектаў гаспадарання: прадпрыемствы будуць вызваленыя ад выплаты ПДК пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання, зніжаюцца стаўкі падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання да 1%, памяншаюцца адлічэнні на пенсійнае страхаванне, а адтэрміноўка (растэрміноўка) па выплаце падаткаў будзе адбывацца без налічэння працэнтаў за яе выкарыстанне.

Акрамя таго, праграмай прадугледжаныя меры для развіцця інвестыцыйнай дзейнасці. Для аператыўнага прыняцця рашэнняў права на распараджэнне неэфектыўна выкарыстоўванай маёмасцю, што знаходзіцца ў рэспубліканскай форме ўласнасці, прадастаўляецца Аршанскаму райвыканкаму.

На тэрыторыі раёна дазваляецца прымяненне будаўнічых і тэхнічных нормаў, устаноўленых у ЕЗ, ЕАЭС і КНР, з правядзеннем дзяржаўных экспертыз праектнай дакументацыі без яе адаптацыі да дзейных нарматываў. Пры стварэнні або пашырэнні вытворчасцяў прадпрыемствы раёна вызваляюцца ад пакрыцця страт сельскагаспадарчай і лесагаспадарчай вытворчасцяў, а таксама ад кампенсацыйных выплат кошту аб’ектаў расліннага свету. якія выдаляюцца.

Для дадатковага разняволення дзелавой ініцыятывы ў Аршанскім раёне ўказам прадугледжанае „далейшае ўпарадкаванне праверачнай дзейнасці, а таксама дэкрыміналізацыя эканамічных рызык”, паведамляе прэс-служба. Так, да 31 снежня 2023 года ўводзіцца мараторый на правядзенне выбарачных праверак, а для пазапланавых праверак вызначаецца выключны пералік выпадкаў іх правядзення.

Акрамя таго, прадугледжваецца мінімізацыя выпадкаў утрымання пад вартай абвінавачаных і падазроных ва ўчыненні эканамічных злачынстваў на карысць мер стрымання, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства. Асобныя палажэнні ўказа накіраваныя на матэрыяльнае стымуляванне працы кадраў шляхам увязкі ўзроўню заработнай платы кіраўнікоў арганізацый і дзяржслужачых з вынікамі выканання праграмы развіцця Аршанскага раёна.

Прадугледжваецца зняцце абмежавання па каэфіцыенце суадносінаў заработнай платы кіраўніка і сярэдняй зарплаты па арганізацыі.

„Найбольш эфектыўныя меры па развіцці Аршанскага раёна будуць у наступным распаўсюджаныя на іншыя рэгіёны рэспублікі і створаць аснову комплекснага плана мерапрыемстваў па іх развіцці”, — адзначылі ў прэс-службе.

belapan.by