Лукашэнка забараніў падвышаць кошты з 6 кастрычніка
Аляксандр Лукашэнка забараніў падвышаць цэны з 6 кастрычніка за пэўнымі выключэннямі, якія будуць пад кантролем міністра і кіраўнікоў абласцей. Прэм’ер Галоўчанка ўжо падпісаў пастанову, якая ўводзіць мараторый на падвышэнне коштаў (тарыфаў) на ўнутраным рынку, а Камітэт дзяржкантролю заявіў, што ад 7 кастрычніка пачне “маштабныя кантрольныя мерапрыемствы”, каб кошты не падвышаліся. Парушальнікаў будуць строга караць, ажно да крымінальных спраў.
Ці можна загадам спыніць рост коштаў? Вось што кажа акадэмічная дырэктарка Beroc Кацярына Барнукова:
“Калі цэны зафіксаваць, а падстава для іх росту ёсць, то ў вытворцы ці прадаўца два шляхі: не прадаваць зусім або шукаць шляхі абысці забарону. Адсюль два вынікі — або рост коштаў усё адно ёсць, або ёсць дэфіцыт”, — кажа эксперт. Паводле эканамістаў, спыніць любы рост коштаў немагчыма, гэта прывядзе да “чорнага рынку”, гіперінфляцыі і дэфіцыту некаторых тавараў.
Беларускае Радыё Рацыя