Лукашэнка заклікае адысці ад імпарту гародніны і садавіны



У Беларусі неабходна сур’ёзна заняцца вытворчасцю садавіны і гародніны, закрыўшы ўнутраныя патрэбы ў ёй. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі па Гарадзенскай вобласці. “Мы павінны сысці ад імпарту яблыкаў і садавіны ўвогуле. Гэта мы можам вырабляць самі” – мяркуе кіраўнік дзяржавы. На ягоную думку, неабходна вызначыцца з тэхналогіямі і вывучыць досвед іншых краін.

Як паведаміў губернатар Гарадзеншчыны Уладзімір Краўцоў, у рэгіёне яблыкі вырошчваюцца болей як на чатырох тысячах гектараў. Ураджайнасць тут вышэйшая, чым у цэлым па краіне. Паводле ягоных словаў, адзінай праблемай з’яўляецца недахоп складоў для садавіны і гародніны.

Паводле інфармацыі міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, у Беларусі спажываецца дзявяноста тысяч тон яблыкаў, з іх палова — уласнай вытворчасці. Пры гэтым склады ў Беларусі разлічаныя на восемдзесят тысяч тон гэтай прадукцыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота grodnonews.by