Лукашэнка зацвердзіў планы падвышэння тарыфаў на ЖКП
Аляксандр Лукашэнка 24 снежня падпісаў указ № 490 „Аб устанаўленні тарыфаў для насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі на 2021 год”.
Чакаецца, што ў выніку прымянення зацверджаных тарыфаў жыллёва-камунальныя плацяжы для насельніцтва ў разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг павысяцца ў межах 5 долараў ЗША.
Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, павышэнне тарыфаў адбудзецца ў два этапы. З 1 студзеня на 4,2 долара ЗША падаражэюць паслугі па тэхнічным абслугоўванні і капітальным рамонце жылых дамоў, газа-, электра- і водазабеспячэння, водаадвядзення, па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, тэхнічным абслугоўванні ліфта, запорна-перамоўных прылад, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў шматкватэрнага жылога дома, памеры кампенсацыі выдаткаў на электраэнергію. З 1 чэрвеня на 0,8 долара ЗША вырастуць тарыфы на паслугі цеплазабеспячэння для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння.
Пры гэтым будзе працягнутая праца па дзяржаўнай падтрымцы насельніцтва праз даванне безнаяўных жыллёвых субсідый. Такія субсідыі даюцца грамадзянам і сем’ям пры ўмове, што штомесячная сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15% — у сельскай мясцовасці.
Напрыклад, за студзень—кастрычнік гэтага года безнаяўныя жыллёвыя субсідыі атрымалі амаль 20,5 тыс. сем’яў на 1,36 млн рублёў. Сярэдняя сума субсідыі на адну сям’ю склала 5,54 рубля за месяц.
Фота: belnovosti.by