Лукашэнка зацвердзіў прыцягненне дадатковай пазыкі Сусветнага банка



Пагадненне аб пазыцы паміж Рэспублікай Беларусь і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця зацверджана ўказам прэзідэнта № 353, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 23 верасня, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Прадугледжваецца, што ў 2019—2025 гадах будзе прыцягнута дадатковая пазыка ў памеры 90 млн еўра для фінансавання праекта „Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, які рэалізуецца з 2016 года ў адпаведнасці з аналагічным пагадненнем.

Атрыманыя сродкі будуць накіраваныя на правядзенне рэканструкцыі і капітальнага рамонту шэрагу ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, іх аснашчэнне сучасным абсталяваннем, удасканаленне інфармацыйнай сістэмы кіравання ў сферы адукацыі.

Плануецца адрамантаваць не менш за 220 школ ва ўсіх абласцях краіны. Акрамя таго, будуць рэалізаваныя пілотныя праекты па стварэнні ў школах умоў для аказання сацыяльна-культурных паслуг насельніцтву ў Віцебскай вобласці, а таксама па стварэнні цэнтраў інавацыйнага развіцця ў школах Магілёўскай вобласці.

БелаПАН