Лукашэнка зноў загадаў не разбудоўваць Менск
Будаўніцтва шматпавярховак вакол Менска прапануецца спыніць. Пра гэта ішла размова ў час даклада Аляксандру Лукашэнку пра перспектывы развіцця Менска і прылеглых тэрыторый вобласці.
Старшыня Менскага аблвыканкама Сямён Шапіра праінфармаваў кіраўніка краіны аб развіцці невялікіх населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да сталіцы. У прыватнасці, гаворка ішла пра аграгарадкі Калодзішчы і Сеніца, вёску Бараўляны.
„Мы дазвалялі тут будаваць вельмі шмат жылля: за тры гады вакол Менска было пабудавана 1 млн квадратных метраў. Калі вы падтрымаеце нашу прапанову, то хацелася б прыпыніць будаўніцтва шматпавярховага жылля ў такіх населеных пунктах вакол Менска”, — звярнуўся да кіраўніка дзяржавы Сямён Шапіра.
„Вярніце ў парадак гэтыя населеныя пункты, каб яны мелі скончаны выгляд, і спыняйце там будаваць, бо гэта тое ж самае, што забудоўваць Менск”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.