Акцыя салідарнасці з ІП у Менску (абноўлена)
Старшыня Аб’яднанай грамадзўянскай партыі Анатоль Лябедзька правёў у Менску на плошчы Незалежнасці пікет у падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў.
На несанкцыянаваную акцыю прыйшло некалькі дзясяткаў прадпрымальнікаў і палітычных актывістаў.
Па словах Лябедзькі, вельмі важна паказаць уладам, што іх крокі, у прыватнасці, указ №222, якія нанеслі ўдар па малому бізнесу, людзе не будуць успрымаць моўчкі і абыякава.
„Мы паказалі, што праблема існуе, і што яна, калі не будзе вырашана, можа прывесці да больш маштабных пратэстаў”, – сказаў палітык:
– Прыехалі людзі з розных рэгіёнаў: з Крупак, з Гародні, з Салігорска, з Менска, з Віцебска, з Полацка. Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прыедуць на свае рынкі, на вялікія рынкі, раскажуць, што яны бачылі сёння. Свае эмоцыі выкажуць, так што я задаволены, ведаў чым гэта можа завершыцца – пратаколамі. Склалі пратаколы не толькі на мяне, чалавек на 4-5.
Пасля завяршэння пікету Анатоль Лябедзька разам з некалькімі прадпрымальнікамі перадаў у прыёмную Дому ўраду зварот прадпрымальнікаў. У ім выкладзены прапановы, як выйсці з сітуацыі, стваранай указам прэзідэнта №222, у выніку чаго шмат індывідуальных прадпрымальнікаў вымушаны былі спыніць сваю працу.
* * *
Менскі прадпрымальнік намеснік старшыні руху салідарнасці „Разам” Аляксандр Макаеў падчас акцыі ў падтрымку ІП у Менску заклікаў прадпрымальнікаў (і тых, якія выступаюць за перамовы з уладай, і тых, якія выступаюць за актыўны пратэст) аб’яднацца і выйсці на агульную акцыю:
– Трэба бараніць будучыню нашых беларускіх прадпрымальнікаў. Мы вітаем усе перамовы прадпрымальнікаў з уладай, але не трэба, калі перамовы будуць скасаваныя, баяцца бараніць сваё і выходзіць на плошчы.
Акцыя на плошчы Незалежнасці доўжылася прыблізна 20 хвілін. Пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства складзеныя ў дачыненні да чатырох удзельнікаў акцыі — Аляксандра Макаева, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, актывісткі АГП Вольгі Маёравай і магіляўчаніна Артура Адамяна, які трымаў плакат з надпісам „Хопіць маўчаць — Лукашэнка ганьба Беларусі”.
* * *
Прыкладна паўтара дзясятка сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі і грамадскіх актывістаў прыйшлі на плошчу Незалежнасці на акцыю салідарнасці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў Менску.
У ліку ўдзельнікаў акцыі – старшыня АГП Анатоль Лябедзька, яго намеснік Віктар Карняенка, актывістка партыі ІП з Віцебска Ірына Яскевіч, намеснік старшыні Руху салідарнасці „Разам” Аляксандр Макаеў. Яны сталі насупраць Чырвонага касцёла з плакатам „Я — ІП”.
За акцыяй назіралі супрацоўнікі міліцыі, ведучы відэаздымку.
* * *
Лідар АГП у Менску праводзіць акцыю салідарнасці з прадпрымальнікамі. Апазіцыйны палітык акцыю праводзіць персанальна, як палітык, грамадзянін і спажывец.
Анатоль Лябедзька заклікаў неабыякавых да праблемы людзей сабрацца каля Чырвонага Касцёла а 12.00-й гадзіне.
«Гэта ёсць неблагая мажлівасць, каб распачаць дыскусію ў маштабах усяе краіны: куды мы ідзём у сэнсе эканамічнага і сацыяльнага развіцця? Пытанне ж не толькі пра сертыфікаты, а наогул — якая стратэгія развіцця краіны, што мы прапануем грамадзянам у галіне эканомікі? І гэта добрая мажлівасць, каб распачаць дыскусію, а таму гэтае пытанне не будзе знятае з парадку дня ні сёння, ні заўтра,”- адзначыў лідар АГП.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота twitter.com/svaboda