Ляшэнка аб нафтаперапрацоўцы: крытычны аб’ём экспарту выконваем
Прадукцыі з беларускіх НПЗ для ўнутранага рынку пастаўляецца ў дастатковым аб’ёме, таксама забяспечваецца крытычны аб’ём экспарту. Аб гэтым заявіў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка.
„Для ўнутранага рынку хапае. Калі ўладзіць пытанні з Расейскай Федэрацыяй, будуць адноўлены астатнія аб’ёмы экспарту. Але крытычны аб’ём экспарту мы таксама выконваем”, – сказаў Ігар Ляшэнка.
Ён заявіў, што ў цэлым у бягучым годзе на перапрацоўку на беларускія НПЗ пастаўляецца каля 1 млн т нафты ў месяц. „Плюс-мінус у раёне мільёна тон працуем”, – сказаў віцэ-прэм’ер.
Адказваючы на пытанне, які аб’ём прадугледжаны на сакавік, Ігар Ляшэнка заявіў: „У такім жа аб’ёме, як было ў студзені і лютым. Гэта значыць, адпаведная эфектыўнасць загрузкі вытворчасцей”.
Ён таксама не ўдакладніў, з якімі менавіта пяццю расейскімі кампаніямі Беларусь дадаткова дамовілася аб пастаўках нафты, спаслаўшыся на камерцыйную тайну.
Як раней паведамлялася БЕЛТА, нафту без прэміі ў I квартале, акрамя групы кампаній „Сафмар”, будуць пастаўляць у Беларусь 5 расійскіх кампаній. „Гэтыя 5 кампаній – новыя пастаўшчыкі, з якімі мы яшчэ не працавалі. Гэта значыць, разам з „Сафмарам” на I квартал у нас 6 кампаній, якія будуць з намі працаваць па рыначнай цане без прэміі”, – удакладніў прэс-сакратар канцэрна „Белнафтахім” Аляксандр Цішчанка.
Пазней стала вядома, што расейская група кампаній „Сафмар” паставіць у Беларусь у сакавіку 300 тыс. т нафты, „УДС нафта” – 50 тыс. т. Каменціруючы інфармацыю, якая з’явілася ў СМІ, аб магчымых пастаўках нафты ў Беларусь „Раснафтай” і „Татнафтай”, Аляксандр Цішчанка адзначаў, што перагавораў па пастаўках на сакавік з імі не вядзецца.
У сакавіку таксама чакаецца пастаўка ў порт Клайпеды 160 тыс. т расейскай нафты для беларускіх НПЗ, якая была набыта праз трэйдараў без прэміі.
Акрамя таго, здзелка з азербайджанскай Socar прадугледжвае ў сакавіку пастаўку двух танкераў нафты – гэта каля 160 тыс. т. У Беларусь нафта будзе дастаўлена праз Украіну па нафтаправодзе Адэса – Броды.
Расія 1 студзеня спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь з-за таго, што не былі дасягнуты дамоўленасці па цане. Як тлумачыў першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой, Беларусь лічыць эканамічна немэтазгодным і бессэнсоўным плаціць прэміі расійскім нафтавым кампаніям у ранейшых аб’ёмах. Ва ўрадзе таксама заяўлялі, што вывучаюцца ўсе магчымыя варыянты альтэрнатыўных паставак.
Беларускія НПЗ (Мазырскі НПЗ і ААТ „Нафтан”) працуюць на загрузцы 50 працэнтаў, у студзені-лютым яны перапрацуюць каля 1,8 млн т нафты.