Мабільны аператар life:) анансаваў падвышэнне кошту паслуг



Мабільны аператар life:) анансаваў на сайце кампаніі змяненне ўмоў і кошту некаторых тарыфных планаў і паслуг.

З 1 сакавіка падвышаецца абаненцкая плата архіўных тарыфных планаў і шэрагу актуальных тарыфных планаў, як „йо1200”, „Голас 1”, лінейка „Сям’я” і „Мультынет” і тарыфных планаў для юрыдычных асоб. Без змен застануцца тарыфы „Шэйк”, „Голас 2”, „Smart:)”, „Пенсійны”.

У той жа час павялічваецца аб’ём трафіку на тарыфах: „L класічны” — замест 1500 МБ стане 2.000 МБ; L — замест 2000 мб стане 3.000 МБ; XL — замест 4.000 МБ стане 5.000 МБ.

У большасці інтэрнэт-пакетаў абаненцкая плата застанецца ранейшай. Змяняецца кошт пакета „Кожныя 0,1 ГБ за 0,50 руб.”, цяпер ён складзе 0,70 руб., а пакет будзе перайменаваны ў „Кожныя 0,1 ГБ за 0,70 руб”. Зніжаецца кошт паслугі „Назапашванне” — замест 1,7 руб./30 дзён яна будзе каштаваць 1 руб./30 дзён. На прапановах з мадэмам і планшэтам павялічыцца кошт пакета 16 ГБ.

Як удакладняе life:), у цэлым рост кошту паслуг складзе каля 6%.

Прадугледжаныя і іншыя змены, што тычацца цэн, тарыфных планаў, дадатковых паслуг, з якімі можна азнаёміцца на сайце кампаніі.

Сёлета гэта першае падаражанне сувязі аператара life:). Некалькі дзён таму падвышэнне кошту паслуг таксама анансаваў тэлекам-аператар velcom.

Колькасць актыўных абанентаў life:) па выніках другога квартала 2017 года дасягнула 1,2 млн.

БелаПАН