Мабільныя аператары змогуць выдаваць кароткатэрміновыя пазыкі насельніцтву
У Беларусі мабільных аператараў плануецца надзяліць правам выдачы невялікіх кароткатэрміновых пазык насельніцтву. Пра такія планы расказаў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц, выступаючы на пашыраным пасяджэнні праўлення.
У дакладзе, апублікаваным на сайце рэгулятара, Калечыц адзначыў, што ў 2020 годзе праца па развіцці нябанкаўскага сегмента фінансавага рынку працягнецца. Стаіць задача ўдасканаліць існыя прававыя ўмовы дзейнасці некрэдытных фінансавых арганізацый, а таксама стварыць прававыя ўмовы для развіцця новых фінансавых інстытутаў і інструментаў у гэтым сегменце.
Як паведаміў намеснік кіраўніка Нацбанка, для далейшага павышэння эканамічнай эфектыўнасці і развіцця інфраструктуры мікрафінансавання вядзецца праца па ўрэгуляванні новых відаў мікрафінансавання з выкарыстаннем фінансавых тэхналогій.
Так, Нацыянальным банкам ажыццяўляецца распрацоўка нарматыўна-прававых актаў у частцы: забеспячэння прававога рэгулявання дзейнасці сэрвісаў анлайн-запазычання; надзялення мабільных аператараў правам выдачы невялікіх кароткатэрміновых пазык насельніцтву, вызначэння асаблівасці дзейнасці названых арганізацый і кантролю за такой дзейнасцю з боку Нацбанка.
У Беларусі паслугі мабільнай сувязі аказваюць тры кампаніі-аператары, якія працуюць пад брэндамі А1, „МТС” і life :). Агульная колькасць абанентаў сотавай сувязі ў краіне складае каля 11,5 мільёна.
Фота: monateka.com