Мадэрнізацыю „Нафтана” і Мазырскага НПЗ плануецца завяршыць да восені 2019 года



Мадэрнізацыю ААТ „Нафтан” і Мазырскага НПЗ плануецца завяршыць да 7 лістапада 2019 года, паведаміў 23 траўня журналістам намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

„Сёння рэалізуюцца сур’ёзныя інвестыцыйныя праекты на „Нафтане” і Мазырскім НПЗ. Кошт праекта на „Нафтане” складае $1,64 млрд, на Мазырскім НПЗ – $1,735 млрд. Нам трэба быць канкурэнтаздольнымі і адаптавацца да сусветных эканамічных умоў, таму неабходна вырашыць некалькі задач: павялічыць магутнасці нашых заводаў, глыбіню перапрацоўкі нафты (да 90-92 працэнтаў), выхад светлых нафтапрадуктаў, каб атрымліваць больш прыбытку. Да 7 лістапада 2019 года мы павінны завяршыць мадэрнізацыю”, – сказаў Уладзімір Сямашка.

Ён таксама пракаменціраваў нядаўняе падаражанне аўтамабільнага паліва. „У Беларусі цэны на аўтамабільнае паліва істотна ніжэйшыя, чым у суседніх краінах. Гэта парадаксальная сітуацыя, паколькі Беларусь – краіна, якая здабывае ўсяго толькі 1,7 млн т, а спажывае 7,5 млн т нафты. Да таго ж, вы бачыце, што адбываецца з цэнамі на нафту: яны літаральна за месяц значна выраслі. Таму нам трэба павышаць цэны на аўтамабільнае паліва ў разумных межах”, – адзначыў намеснік прэм’ер-міністра.

belta.by