Мадура заявіў пра “новы імпульс” ў стасунках Венесуэлы і Беларусі



Пра наданне “новага імпульсу стасункам з урадам” Аляксандра Лукашэнкі заявіў прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура. Ён паведаміў, што ў канцы лістапада ў Беларусі “на працягу трох дзён прапрацоўваліся пытанні пашырэння супрацоўніцтва ў горназдабыўной і нафтавай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, гандлі, у галіне культуры і адукацыі”.

Як прыгадвае “Позірк”, найбольш вядомая старонка адносін паміж краінамі — гэта спроба Беларусі наладзіць пастаўкі венесуэльскай нафты на пачатку 2010‑х гадоў. Пасля скарачэння паставак расейскай нафты Менск пачаў шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў сыравіны для сваіх НПЗ. Чавес паабяцаў паставіць 4 млн тон нафты ў 2010 годзе і 10 млн т — у 2011‑м. Венесуэльская нафта для двух беларускіх заводаў дастаўлялася праз Украіну і Эстонію. 1 ліпеня 2012 года Беларусь спыніла імпарт венесуэльскай нафты, заявіўшы, што Менску стала “танней нафту купляць у Расеі”.

Сёлета Беларускі расследавальніцкі цэнтр выпусціў матэрыял, у якім сцвярджалася, што Беларусь дагэтуль не аддала Венесуэле каля 1,5 млрд даляраў за набытую ў 2010‑х гадах нафту.

Падаткавікі прыгразілі Дзедам Марозам штрафамі

Прадпрымальнікі і фізічныя асобы, якія зарабляюць на аказанні паслуг у перыяд навагодніх свят, павінны будуць загадзя заплаціць падаткі. Пра гэта расказалі ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці. Заплаціць падатак павінны будуць ІП і фізічныя асобы, якія займаюцца дзейнасцю, звязанай з віншаваннем з Новым годам і іншымі святамі незалежна ад месца іх правядзення. Па сутнасці гэта тыя, хто будзе працаваць Дзедам Марозам і Снягуркай, заўважае “Зеркало”.

Таксама падатак абавязаны заплаціць тыя, хто аказвае паслугі па музычна-забаўляльным абслугоўванні ўрачыстых мерапрыемстваў, а разам з імі – і акцёры, танцоры, музыканты і так далей. Стаўка падатку складае ад 147 да 259 рублёў у залежнасці ад рэгіёна.

Мінімальны заробак павялічыўся і знізіўся адначасна

Са студзеня 2024 года мінімальная заработная плата ў Беларусі павялічыцца да 626 рублёў, што складае 198 даляраў у эквіваленце. Пра гэта паведаміла прэс-служба ўрада Беларусі. У параўнанні з першым студзеня 2023 года мінімалка вырасце на 13 працэнтаў у рублёвым выражэнні, і зменшыцца на 11,5 працэнтаў – у даляравым выражэнні. Дарэчы, сёлета мінімальны заробак не павышалі ніводнага разу. Менш за гэтую суму працадаўца не мае права плаціць, калі чалавек працуе на поўную стаўку.

Калі казаць пра сярэдні налічаны заробак, то паведамляецца, што ў кастрычніку ён склаў 1 тысячу 971 рубель.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: venezuela.mfa.gov.by.