Магчымасці для далейшага зніжэння інфляцыі ў Беларусі абмежаваныя
Магчымасці для далейшага зніжэння інфляцыі ў Беларусі абмежаваныя, і ў найбліжэйшыя гады зніжэння інфляцыі да ўзроўню краін Еўрасаюза чакаць не варта, лічаць эксперты.
Па выніках верасня інфляцыя ў гадавым вымярэнні знізілася да 4,9%, што з`яўляецца мінімальным значэннем за ўсю гісторыю Беларусі. У той жа час у краінах Еўрасаюза, згодна з прагнозам МВФ, інфляцыя ў 2017 годзе складзе 1,5%.
„На найбліжэйшыя гады зніжэння інфляцыі да 1,5-2% не варта прагназаваць. Каб інфляцыя ў Беларусі была як у Еўрасаюзе, трэба вырашыць шмат структурных пытанняў. У тым ліку неабходна стварыць адпаведнае канкурэнтнае асяроддзе, а гэта патрабуе перагляду рэгулявання існуючых натуральных манаполій, алігаполій„, — адзначыў у каментары БелаПАН суразмоўца ў органах дзяржкіравання.
Раз структурныя пытанні хутка вырашыць не атрымаецца, інфляцыя ў Беларусі будзе захоўвацца прыкладна на існуючым узроўні. „Для нашай краіны рэальныя лічбы па інфляцыі на найбліжэйшыя гады — 4-5%, а далей усё будзе залежаць, як будуць вырашацца структурныя пытанні ў эканоміцы”, — дадаў ён.
Беларускія эканамісты лічаць, што структурных праблем, якія перашкаджаюць запаволенню інфляцыі ў Беларусі да ўзроўню краін Еўрасаюза, досыць шмат. „Асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі з`яўляецца Расія, МВФ прагназуе, што інфляцыя там будзе знаходзіцца ў найбліжэйшыя гады ў раёне 4%. Улічваючы, што мы туды шмат экспартуем прадукцыі, а таксама імпартуем, нам складана забяспечваць інфляцыю ніжэйшай, чым у асноўнага гандлёвага партнёра”, — лічыць дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
На яго думку, каб у Беларусі інфляцыя была як у развітых краінах, долю тавараабароту з ЕС пажадана павялічыць, а зрабіць гэта без павышэння канкурэнтаздольнасці нашых прадпрыемстваў немагчыма.
Акрамя гэтага, лічыць эканаміст, наяўнасць неэфектыўнага дзяржсектара разам з абмежаваннем канкурэнцыі на ўнутраным рынку таксама стварае перадумовы для інфляцыі.
„Прыклад — сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Дзяржава пастаянна рэгулюе тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, але праверкі дзяржкантролю ўстанавілі, што ў гэтай сферы шмат неапраўданых выдаткаў. Да таго часу пакуль дзяржсектар будзе заставацца неэфектыўным, кошты, якія рэгулююцца дзяржавай, могуць расці проста таму, што на прадпрыемствах раздзьмутыя выдаткі„, — лічыць Чубрык.
Аналітыкі расійскага „Ашчадбанка” таксама лічаць, што магчымасці для далейшага зніжэння інфляцыі ў Беларусі абмежаваныя. „У сярэднетэрміновай перспектыве мы чакаем рост цэн паміж 6-7%”, — прагназуюць аналітыкі ў кастрычніцкім эканамічным аглядзе.
Беларускія аналітыкі прытрымліваюцца падобнага меркавання. „Ужо распачаўся і яшчэ наперадзе зімовы рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Чакаецца таксама рост тарыфаў на праезд у грамадскім транспарце. Павышэнне заробкаў таксама будзе, напэўна, прыводзіць да некаторага росту спажывецкіх коштаў. З улікам уплыву гэтых фактараў змяншэнне інфляцыі сёлета ніжэй за 6-7%, напэўна, наўрад ці магчымае”, — выказаў меркаванне ў каментары БелаПАН старшы аналітык форэкс-брокера „Альпары” Вадзім Іосуб. БелаПАН