Макей разлічвае, што беларусы замежжа будуць прасоўваць тавары



„Разлічваем, што беларусы замежжа будуць прасоўваць не толькі беларускую культуру, але і спрыяць пашырэнню гандлёва-эканамічных сувязяў”, — заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 5 верасня ў Менску на пасяджэнні кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа.

У гэтым кантэксце Макей адзначыў дапамогу, якую аказваюць асобныя выхадцы з Беларусі ў арганізацыі паставак прадукцыі айчыннай вытворчасці за мяжу. Паводле яго слоў, плануецца пашырыць практыку запрашэння беларускіх бізнесменаў, якія пражываюць за мяжой, для ўдзелу ў розных форумах і кірмашах.

Макей адзначыў, што гэтае пасяджэнне праходзіць у вельмі складаны час: „Вы бачыце, што адбываецца ў нашым рэгіёне, у Еўропе і свеце. Шэраг пагроз і выклікаў існуюць у тым ліку для Беларусі. Гэта — праблема тэрарызму, міграцыі, у тым ліку нелегальнай. Наступствы фінансава-эканамічнага крызісу негатыўна ўплываюць і на нашу краіну”.

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што ўрад спрабуе выпрацаваць „тыя крокі, якія змаглі б не дапусціць пагаршэння фінансава-эканамічнага становішча нашага народа”.

Макей нагадаў, што менш чым праз тыдзень у краіне пройдуць парламенцкія выбары, якія ён назваў „важнай палітычнай падзеяй”. „Я ўпэўнены, што будзе сфармаваны новы парламент, які зробіць усё для таго, каб наша краіна і далей развівалася і квітнела”, — заявіў дыпламат.

Паводле яго слоў, агульная для ўсіх задача — зрабіць усё неабходнае для таго, каб Беларусь захавала сваю самастойнасць, суверэнітэт і дзяржаўнасць. „Лёс нашай краіны хвалюе ўсіх нас”, — сказаў Макей.

Ён адзначыў, што за мінулы год значна актывізавалася ўзаемадзеянне арганізацый беларусаў замежжа з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі краіны, а дзякуючы прынятай урадам падпраграме „Беларусы ў свеце” ўпершыню ёсць магчымасць аказаць фінансавую падтрымку для правядзення мерапрыемстваў арганізацыямі беларусаў замежжа. „Хацелася б атрымаць больш, але мы зыходзім з тых магчымасцяў, якія рэальна існуюць, — сказаў Макей. — Лічу, што сітуацыя, у тым ліку фінансава-эканамічная, будзе паляпшацца і мы таксама будзем мець больш магчымасцяў для таго, каб арганізаваць больш актыўнае супрацоўніцтва з беларусамі замежжа”.

У якасці прыкладу працы арганізацыі беларусаў за мяжой чыноўнік прывёў адкрыццё класа беларускай мовы і літаратуры ў школе амерыканскага горада Сакрамэнта, якое адбылося 17 жніўня.

Пры гэтым Макей падкрэсліў, што большасць арганізацый беларусаў за мяжой маюць патрэбу ў фінансавай падтрымцы. Згодна з нацыянальным заканадаўствам, адзначыў кіраўнік МЗС, Беларусь не можа напрамую фінансаваць замежныя грамадскія арганізацыі, але гэтае пытанне вырашаецца праз спонсарскія праекты.

Макей падтрымаў прапанову аб стварэнні ў Менску Беларускага дома, у якім мог бы размяшчацца музей беларусаў замежжа, а таксама арганізацыі, якія з імі супрацоўнічаюць. „Але гэта яшчэ патрабуе прапрацоўкі”, — сказаў ён.

belapan.by