Макей сцвярджае, што бізнесмэнам прапаноўваюць адкупіцца ад уключэння ў санкцыйны спіс ЕЗ



Міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы на VI „Усебеларускім народным сходзе” 11 лютага, звінаваціў апанентаў улады, якія знаходзяцца за мяжой, у вядзенні „бізнесу на рэвалюцыі”.

„Беглыя шкоднікі за мяжой патрабуюць, даслоўна, яшчэ больш рэсурсаў на сваю рэвалюцыю, моляць аб прыняцці чацвёртага, пятага пакетаў санкцый, — сказаў ён. — Гэта ў іх называецца „разумны эканамічны націск”. А што далей? Разумныя бомбы, якія будуць забіваць усіх без разбору? Наколькі разумныя, мы бачым на прыкладзе санаторыя ў Друскінінкаі, а таксама дзесяці тысяч радавых рабочых шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, якія пацярпелі ад гэтай „дабрачыннай” дзейнасці”.

„Пры гэтым (хацеў бы, каб гэта пачулі ўсе) бізнесмэнам прапаноўваецца адкупіцца ад уключэння ў санкцыйныя спісы, пералічыўшы энную суму ў біткоінах на адпаведныя адрасы. Бізнес на рэвалюцыі! Гэта як жа трэба ненавідзець свой народ, каб, жывучы за мяжой на паднясенні моцных гэтага свету, заклікаць загубіць сваю краіну, фактычна знішчыць дзяржаўнасць”, — заявіў чыноўнік.

Паводле яго слоў, вельмі сумна ўсведамляць, каго спрабуюць уцюхаць для кіравання новай дэмакратычнай Беларуссю. „Я выкажу свой асабісты пункт гледжання: метады насаджэння новай Беларусі ў мяне выклікаюць асацыяцыі з метадамі насаджэння новага парадку, што мы ўжо праходзілі ў гісторыі, — сказаў кіраўнік МЗС. — Запалохванне дзяржаўных служачых, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў, пагрозы ў адрас членаў сем’яў і гэтак далей. Супрацоўнікі МЗС і мая сям’я таксама праз гэта прайшлі. Нават у сталінскія часы існавала правіла „сын за бацьку не адказвае”. Глыбока перакананы: аддаць дзяржаву ў рукі фашыствуючай дэмакратыі ні ў якім разе нельга”.

Макей заявіў, што рэалізаваць шматвектарную палітыку, як і іншыя планы развіцця, Беларусь можа „толькі праз нацыянальнае адзінства”. „Апаненты Беларусі мяркуюць, што знайшлі яе ахілесаву пяту, і спрабуюць цяпер нас раз’яднаць. Гэтага нельга дапусціць, — падкрэсліў ён. — Працу з моладдзю трэба абавязкова ўлічваць, калі мы імкнемся да адзінства нацыі. І тут не абысціся толькі фармальнымі заклікамі, сходамі або націскам. Трэба паказаць гэтым людзям нармальныя магчымасці і перспектывы для самарэалізацыі”.

Беларусь, „будучы глыбока прыхільнай да еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў”, адначасова выступае за цеснае партнёрства паміж ЕЗ і ЕАЭС, што, на думку Макея, „неабходна не толькі з пункту гледжання развіцця эканомік, але і для мінімізацыі канфліктнага патэнцыялу ў рэгіёне”. Краіна, запэўніў ён, зацікаўленая ў моцным Еўрасаюзе і падтрымлівае моцнае трансатлантычнае партнёрства.

„Звяртаючыся да прадстаўнікоў Еўрасаюза, хачу сказаць, што пазітыўныя для ўсіх вынікі былі дасягнуты менавіта ў рамках канструктыўнага дыялогу з дзейнай уладай, — сказаў міністр замежных спраў. — Але пры гэтым мы зыходзім з таго, што не можа быць дамінуючай сілы ні ў рэгіёне, ні ў свеце, і ў кожнай дзяржавы павінен быць голас, і ён павінен быць чутны і пачуты”.

На думку Макея, кожнаму ў Беларусі трэба адмовіцца ад недасканалага погляду на сваю краіну. Яе трэба разглядаць „не як нешта паміж кім-небудзь ці чым-небудзь, а як сваю зямлю, свой край, свой бераг”. „Мы тут жывем і выдатна ведаем, як і куды заўтра весці сваю краіну. А каб унесці больш яснасці, МЗС бярэ на сябе абавязацельства распрацаваць новую канцэпцыю знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь”, — паведаміў чыноўнік.

„І самае галоўнае, як бы трафарэтна гэта ні гучала, нам неабходная моцная ў сучасным разуменні гэтага слова ўлада ў краіне, — заявіў ён. — Толькі моцная ўлада здольная мабілізаваць унутраную энергію грамадства для таго, каб паспяхова развівацца ў вельмі складаных для нас знешніх умовах. Не будзе такой улады — не будзе і Беларусі. Пра гэта таксама трэба памятаць, працуючы над магчымымі папраўкамі ў Асноўны закон”.

„Асобныя перажываюць, каб Беларусь жыла. Беларусь жыве і будзе жыць. Таму што, у адрозненне ад купкі лжэпатрыётаў, якія глядзяць на Беларусь праз санкцыйныя прыцэлы з-за бугра, пераважная большасць беларусаў па-сапраўднаму любяць сваю радзіму. Гэта залог таго, што яна заўсёды выстаіць і вытрымае. „Люблю Беларусь” павінна стаць слоганам тых, хто перажывае за краіну. Люблю Беларусь”, — падсумаваў Макей.

belapan.by