Максім Пазнякоў: Усё больш работнікаў прадпрыемстваў уступаюць у страйк



З кожным днём усё больш работнікаў прадпрыемстваў уступаюць у страйк, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Максім Пазнякоў.

„Практычна кожны дзень мы даведаемся аб работніках прадпрыемстваў, якія афіцыйна далучаюцца да страйку”, — адзначыў ён. Паводле інфармацыі прафлідара, на „Беларуськаліі” ў страйку знаходзіцца 62 чалавекі, на „Гродна Азоце” — 23, на Беларускім металургічным заводзе — восем, БелАЗе — тры.

На думку Пазнякова, страйкавы рух павольна, але ўпэўнена набірае абароты. „Людзі ўступаюць, але яшчэ большую колькасць работнікаў „з’ядае знутры” тое, што яны працуюць на прадпрыемствах і працягваюць спансаваць дыктатуру і гвалт у краіне. Для многіх чыстае сумленне з’яўляецца рычагом для ўступлення ў страйк. Думаю, што страйкавы рух будзе папаўняцца ўсё новымі людзьмі і новымі прадпрыемствамі. Але выбуху паступленняў чакаць не даводзіцца, хоць складана прадбачыць, як складзецца сітуацыя”, — лічыць Пазнякоў.

У страйк, заўважыў ён, уступаюць людзі розных пасад і прафесій. „Гэта і інжынерна-тэхнічныя работнікі рознага ўзроўню, і рабочыя, у тым ліку высокакваліфікаваныя. Страйк — гэта выражэнне ўнутранага стану людзей, калі яны прымаюць цвёрдае рашэнне далучыцца да страйку”, — лічыць старшыня БНП.

Ён паведаміў, што прафсаюз усяляк дапамагае тым, хто ўступіў у страйк. „Ніхто іх не пакідае сам-насам з праблемамі, прафсаюз, асабліва ў выпадках незаконнага звальнення, аказвае юрыдычную і матэрыяльную дапамогу”, — заявіў Пазнякоў.

Як паведамлялася, работнікі шэрагу прадпрыемстваў пасля падзей жніўня 2020 года пачалі аб’яўляць забастоўкі, патрабуючы адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Яны таксама патрабавалі спыніць гвалт над пратэстоўцамі, вызваліць палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый, прызнаць усе пастановы і прысуды, вынесеныя ў дачыненні да іх, неабгрунтаванымі і незаконнымі.

26 кастрычніка ў Беларусі была абвешчаная агульнанацыянальная забастоўка ў сувязі з невыкананнем патрабаванняў ультыматуму, вылучанага 13 кастрычніка экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, спыненне гвалту і вызваленне палітвязняў. Аднак з-за маштабных рэпрэсій на прадпрыемствах забастоўка перарасла ў формы „партызанскай барацьбы”, паведаміў раней БелаПАН старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Паводле яго слоў, знешнія формы праявы пратэсту пайшлі ўглыб, у тым ліку ў сабатаж, італьянскую забастоўку.

БелаПАН