Малдаўскі банк спыняе аперацыі з кампаніямі „Белнафтахіма”



Малдаўскі камерцыйны банк ProCredit Bank, які ўваходзіць у нямецкую банкаўскую групу ProCredit Holding, папярэдзіў кліентаў аб спыненні аперацый з кампаніямі беларускага канцэрна „Белнафтахім” з-за амерыканскіх санкцый.

„Паведамляем вам, што ўпраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Казначэйства ЗША (OFAC) змяніла сваю палітыку ў адносінах да 9 кампаній, якія знаходзяцца пад санкцыямі ў Беларусі. Такім чынам, плацяжы ад і на карысць гэтых кампаній і іх падраздзяленняў (кампаніі, дзе санкцыянаваныя кампаніі валодаюць доляй 50% і больш статутнага капіталу) па новых кантрактах немагчымыя”, — гаворыцца ў паведамленні ProCredit Bank.

Малдаўскі банк удакладняе, што плацяжы ад і на карысць беларускіх кампаній і іх падраздзяленняў (кампаніі, дзе санкцыянаваныя кампаніі валодаюць доляй 50% і больш статутнага капіталу) на падставе старых дагавораў магчымыя толькі да 3 чэрвеня „і толькі з мэтай спынення дзелавых адносін”.

„У той жа час, улічваючы, што сітуацыя можа змяніцца ў любы момант, банкі-карэспандэнты і банкі-пасярэднікі могуць прымаць рашэнне незалежна ад палітыкі OFAC, існуе рызыка таго, што плацяжы будуць заблакаваныя і пасля спыненыя, без вяртання грошай плацельшчыкам, нават калі яны з’яўляюцца законнымі, у адпаведнасці з палітыкай OFAC, згаданай вышэй”, — падкрэсліваецца ў паведамленні ProCredit Bank.

Як паведамлялася, 19 красавіка ЗША прынялі рашэнне аб аднаўленні санкцый у дачыненні да дзяржаўнага канцэрна „Белнафтахім” і васьмі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў: Беларускага нафтавага гандлёвага дома, Belneftekhim USA Inc., ААТ „Белшына”, ААТ „Гродна Азот”, ААТ „Гродна Хімвалакно”, ААТ „Лакафарба”, ААТ „Нафтан” і ААТ „Полацк-Шкловалакно”. Асноўныя аперацыі або дзейнасць „з названымі прадпрыемствамі, кампаніямі, якімі яны валодаюць індывідуальна або калектыўна, прама ці ўскосна, маючы 50-працэнтную або звыш долю, дазволеныя да 3 чэрвеня 2021 года”.

У канцы сакавіка прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Нед Прайс паведаміў, што амерыканскі бок рэкамендуе Мінфіну аднавіць санкцыі ў дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. Ён заявіў, што ЗША зацікаўленыя ў развіцці двухбаковых адносін з Беларуссю, але падзеі, якія адбыліся ў краіне пасля „сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў”, гвалт і рэпрэсіўныя тактыкі супраць мірных дэманстрантаў, наяўнасць больш за 300 палітвязняў не могуць быць праігнараваныя.

БелаПАН