МАРГ выступае за больш жорсткі кантроль
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) ініцыюе перад урадам змены ва ўказ № 510 ад 16 кастрычніка 2009 года аб нагляднай дзейнасці, каб зрабіць больш жорсткім кантроль над крамамі нізкіх цэн. Пра гэта на форуме прадпрымальнікаў 1 кастрычніка ў Менску паведаміў начальнік аналітычнага ўпраўлення МАРГ Павел Філіпаў.
Беларускія прадпрымальнікі сцвярджаюць, што за большай часткай магазінаў нізкіх цэн, якія ў апошнія гады сталі масава ўзнікаць у рэгіёнах Беларусі, стаяць выхадцы з Сярэдняй Азіі. Гандаль у гэтых крамах, паводле іх слоў, вядзецца з парушэннем заканадаўства, у прыватнасці, тавары не маюць маркіроўкі паходжання, а прадаўцы не выдаюць чэкі за рэалізаваную прадукцыю.
„Што тычыцца пытанняў функцыянавання асобных гандлёвых аб’ектаў, якія рэалізуюць тавары лёгкай прамысловасці па нізкіх цэнах, сапраўды, пытанні ёсць, — сказаў Філіпаў. — Сёння ў нас не меней за 160 такіх аб’ектаў, якія належаць 85 суб’ектам гаспадарання. Дадзеныя, якія паступаюць у выніку маніторынгу, кантрольна-наглядных мерапрыемстваў, сведчаць аб тым, што практычна ў кожным аб’екце ёсць парушэнні альбо іх прыкметы, якія носяць сістэмны характар. У прыватнасці, гэта парушэнне тэхнічных рэгламентаў, заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў, касавай дысцыпліны”.
„У пачатку верасня мы правялі маніторынг 27 гандлёвых аб’ектаў 23 суб’ектаў гаспадарання ў Кобрыне, Жодзіне, Рэчыцы, Полацку, Наваполацку, Гародні, Бабруйску і Менску. Выдадзена 53 рэкамендацыі. Па паўторных сітуацыях пачата 13 адміністрацыйных працэсаў. Забароненая рэалізацыя 38 тыс. адзінак небяспечнай прадукцыі. На жаль, для людзей ключавым фактарам з’яўляецца кошт, а на якасць і бяспеку многія не звяртаюць увагі. Маніторынгі працягнуцца, каб выкараніць такую небяспечную прадукцыю на рынку. Мы працягнем гэтую практыку, гэта будзе комплексны маніторынг прадстаўнікамі Дзяржстандарта, Міністэрства аховы здароўя, МНС і МУС”, — дадаў ён.
Прадстаўнік МАРГ адзначыў, што пераважная большасць суб’ектаў, якія валодаюць крамамі нізкіх коштаў, зарэгістраваныя менш чым два гады таму, а значыць, паводле ўказа № 510 ў дачыненні да іх нельга праводзіць праверкі. Кантралююць такія суб’екты „з дапамогай маніторынгаў, падчас якіх кантралюючыя органы не могуць запатрабаваць дакументы ці браць узоры для даследаванняў”.
„Мы неаднаразова абмяркоўвалі гэтую сітуацыю і на міжведамасным савеце па кантрольнай дзейнасці пры Камітэце дзяржкантролю. <…> МАРГ будзе ініцыяваць перад урадам пытанне аб карэкціроўцы норм указа № 510, каб можна было больш аператыўна і эфектыўна рэагаваць на гэтыя сітуацыі. Пакуль жа ў нас, на жаль, недастаткова інструментаў, каб прымаць больш жорсткія меры”, — падсумаваў Філіпаў.
Фота Sputnik Беларусь