МАРГ можа часова вярнуць рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю заявіла аб „магчымым увядзенні часовага цэнавага рэгулявання на сацыяльна значныя тавары” пры пагрозе невыканання мэтавага паказчыка па інфляцыі на 2019 год.
„У 2019 годзе дынаміка спажывецкіх цэн знаходзіцца ў межах прагнознай траекторыі. Прырост цэн у чэрвені 2019 г. да снежня 2018 г. склаў 2,9%, да чэрвеня 2018 г. — 5,7% (пры прагнозе 3,5 і 6,3% адпаведна)”, — адзначаецца ў паведамленні міністэрства.
Разам з тым на працягу 2019 года на спажывецкім рынку „захоўваецца павышаная дынаміка росту спажывецкіх цэн: у гадавым вымярэнні — на ўзроўні 5,5—6,2%”. Пры гэтым рост цэн на сацыяльна значныя тавары (у адпаведнасці з пералікам, зацверджаным экспертным саветам па пытаннях цэн і тарыфаў) „па асобных пазіцыях амаль у два разы перавышае агульны ўзровень цэн і знаходзіцца ў дыяпазоне 9—11%”.
„Такая інтэнсіўнасць прыросту цэн апярэджвае рост даходаў насельніцтва, што фактычна зніжае даступнасць прадуктаў харчавання і пакупніцкую здольнасць у цэлым, перш за ўсё для найбольш уразлівых слаёў насельніцтва”, — падкрэслівае МАРГ.
Пры гэтым „на фоне запаволення росту цэн вытворцаў больш паскораны рост дэманструюць раздробныя цэны, у асноўным у выніку росту гандлёвых надбавак”. „Рост цэн вытворцаў с/г прадукцыі ў гадавым вымярэнні запаволіўся з 7,1% у снежні 2018 г. да 6,4% у чэрвені 2019 г., вытворцаў спажывецкіх тавараў — з 3,7 да 3,5% адпаведна. Пры гэтым рост спажывецкіх цэн на тавары за гэты перыяд паскорыўся з 4,9 да 5,3%”, — адзначае МАРГ.
У міністэрстве лічаць, што такая сітуацыя „стварае рызыкі для выканання мэтавага паказчыка па інфляцыі паводле вынікаў года” (5%).
МАРГ правёў „шэраг рабочых сустрэч з буйнымі гандлёвымі сеткамі аб сітуацыі на спажывецкім рынку, магчымых мерах рэагавання, паводле вынікаў якіх былі вызначаныя межавыя ўзроўні гандлёвых надбавак на асноўныя сацыяльна значныя тавары”. Міністэрства „прапануе ўсім суб’ектам гандлю прытрымлівацца устаноўленых рэкамендацый”. У прыватнасці максімальны памер гандлёвай надбаўкі (з улікам аптовай) не перавышае: на пастэрызаванае малако і кефір тлустасцю да 2,5%, смятану тлустасцю да 20%, тварог тлустасцю да 6% без смакавых дабавак і напаўняльнікаў — 15%; на ялавічыну, свініну (акрамя бескасцёвага мяса), тушкі курэй, куранят-бройлераў, жытнёва-пшанічны хлеб (за выключэннем нарэзанага), сметанковае масла тлустасцю да 72,5% — 20%; яйкі катэгорыі С-2 — 25%; цвёрды і паўцвёрды сыр, пшанічную муку вышэйшага гатунку, манныя, прасяныя і аўсяныя крупы, свежыя агародніну (буракі, моркву, белакачанную капусту, рэпчатую цыбулю, агуркі, памідоры) і бульбу — 30%.
„Прычым калі прымяняюцца гандлёвыя надбаўкі ніжэйшыя за рэкамендаваны ўзровень, гэта не павінна прыводзіць да іх павелічэння да межавага ўзроўню”, — падкрэслівае міністэрства.
belapan.by