МАРГ: Па ўзроўні канкурэнцыі Беларусь знаходзіцца ў хвасце



Беларусь адстае ад іншых краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы па ўзроўні развіцця канкурэнцыі, заявіў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун, выступаючы на дзелавым форуме ў Менску 26 лютага.

Паводле яго слоў, для паляпшэння сітуацыі сумесна з Міжнароднай фінансавай карпарацыяй распрацаваная праграма развіцця канкурэнцыі. „Праграма падрыхтаваная і будзе садзейнічаць фармаванню канкурэнтнага асяроддзя і ўстойліваму развіццю эканомікі”, — адзначыў Картун.

Ён паведаміў, што падрыхтоўка праграмы прадугледжвала разлік індэксаў стану канкурэнцыі ў розных галінах, якія ў Беларусі раней ніколі не разлічваліся. „Праца завершаная. Як і прагназавалася, мы ў хвасце сярод краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, мы адстаем значна, нам трэба рухацца далей”, — сказаў чыноўнік.

Картун адзначыў, што праграма прадугледжвае ўдасканаленне заканадаўства з мэтай развіцця канкурэнцыі. „Мяркуецца забяспечыць канкурэнтную нейтральнасць дзяржорганаў, каб іх нарматыўная база дазваляла заходзіць прыватнаму бізнесу ў галіны, дзе працуюць дзяржпрадпрыемствы”, — паведаміў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, праграма прадугледжвае прыняцце ліберальных мер у дзевяці галінах, у тым ліку ў АПК, страхаванні, ахове здароўя, энергетыцы.

„У нас самая зарэгуляваная сфера — ахова здароўя. Прадугледжваецца лібералізацыя цэнавага рэгулявання ў гэтай сферы, спрашчэнне працэдуры рэгістрацыі лекаў”, — сказаў прадстаўнік МАРГ.

Праграму развіцця канкурэнцыі, паведаміў ён, плануецца зацвердзіць сёлета.

belapan.by