МАРГ прапаноўвае вярнуць у абарачэнне асобныя віды пластыкавай тары



Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю падрыхтавала праект пастановы, якой прапаноўваецца выключыць асобныя віды пластыкавага посуду з ліку тых, што забаронена выкарыстоўваць у аб’ектах грамадскага харчавання.

На прававым форуме апублікаваныя праект дзяржаўнага рашэння і абгрунтаванне да яго, грамадскае абмеркаванне дакументаў працягнецца да 14 траўня.

У праекце дзяржаўнага рашэння прапануецца вярнуць для абароту ў грамадскім харчаванні пластыкавыя кубкі аб`ёмам 300 мл і большым; трубачкі (саломінкі) для напояў; кантэйнеры, латкі, ланч-боксы, корэксы, банкі і бутэлькі.

На думку распрацоўшчыкаў дакументаў, вяртанне пералічаных тавараў у грамадскае харчаванне дазволіць забяспечыць выкананне яго суб`ектамі „ўстаноўленых заканадаўствам і тэхналагічнымі дакументамі патрабаванняў да якасці і захоўвання прадукцыі, а таксама папярэдзіць рост цэн на прадукцыю грамадскага харчавання з прычыны адсутнасці альтэрнатыўнай упакоўкі з экаматэрыялаў айчыннай вытворчасці”.

Паводле звестак МАРГ, упакоўка з экаматэрыялаў імпартнай вытворчасці ў сярэднім у 2—4 разы даражэйшая за аналагічную аднаразовую прадукцыю з пластыку.

На думку міністэрства, забарона на выкарыстанне ў грамадскім харчаванні пластыкавых кубкаў аб`ёмам 300 мл і большым; трубачак (саломінак) для напояў; кантэйнераў, латкоў, ланч-боксаў, корэксаў, слоікаў і бутэлек „можа прывесці да пагаршэння якасці абслугоўвання спажыўцоў, росту цэн і пакідання рынку суб`ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва”.

Як паведамлялася, 1 студзеня 2021 года ў Беларусі ўведзеная забарона на выкарыстанне і продаж у аб`ектах грамадскага харчавання многіх відаў аднаразовага пластыкавага посуду (у тым ліку відэльцаў, лыжак, нажоў, палачак для размешвання напояў, кубкаў, талерак, трубачак і саломінак для напояў).

Гэтае рашэнне ўлады прынялі, каб скараціць выкарыстанне ў аб`ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду і замяніць яго на папяровы і іншыя віды экалагічнай упакоўкі.

belapan.by