МАРГ працягнула да канца года дзяржрэгуляванне цэн на грэцкія крупы



Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі працягнула да 31 снежня 2020 года дзяржаўнае рэгуляванне цэн на грэцкія крупы. Адпаведная пастанова (№ 64 ад 30 верасня) сёння афіцыйна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

МАРГ усталявала межавую максімальную аптовую надбаўку да адпускной цаны вытворцы (імпарцёра) на грэцкія крупы ў памеры 10%, а таксама межавую максімальную гандлёвую надбаўку (з улікам аптовай надбаўкі) да адпускной цаны вытворцы (імпарцёра) у памеры 25%.

Такім чынам, згодна з дакументам, фармаванне цэн на грэцкія крупы ажыццяўляецца з улікам кан`юнктуры рынку, але не вышэй за абмежаванні, прадугледжаныя пастановай.

Пастанова № 64 набывае моц пасля яе афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, што ўзніклі з 1 кастрычніка 2020 года.

Як паведамлялася, калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі на пасяджэнні 29 верасня ўзгадніла працяг тэрміну дзяржаўнага рэгулявання цэн на грэцкія крупы ў Беларусі.

Раней з мэтай стрымаць рост цэн на сацыяльна значны тавар у Беларусі на 90 дзён (з 1 лістапада 2019 года па 29 студзеня 2020 года) было ўведзенае часовае дзяржаўнае рэгуляванне цэн на грэцкія крупы шляхам абмежавання ўзроўню межавай максімальнай гандлёвай надбаўкі да 25% ад кошту тавару. Увядзенне дзяржаўнага цэнавага рэгулявання было абумоўленае скарачэннем валавога збору грэчкі ў Расіі і, як следства, ростам цэн на грэцкія крупы.

У 2020 годзе цэнавае рэгуляванне двойчы працягвалася паводле ўзгаднення з Еўразійскай эканамічнай камісіяй і дзейнічала да 30 верасня 2020 года.

27 жніўня гэтага года ў камісію паступіў зварот старшыні савета камісіі Ігара Петрышэнкі з прапановай працягнуць тэрмін цэнавага рэгулявання да 31 снежня 2020 года ўключна.

„Прынятае рашэнне калегіі ЕЭК спрыяе забеспячэнню даступнасці сацыяльна значнага прадукту для насельніцтва”, — пракаментавалі ў камісіі.