МАРГ устанавіў гранічную цану на грэчку



Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) устанавіла гранічную цану на грэцкія крупы, паведаміла прэс-служба ведамства.

Пастановай № 86 «Аб рэгуляванні цэн на крупы грэцкія» прадугледжваецца ўвядзенне часовага цэнавага рэгулявання на грэчку шляхам устанаўлення гранічнай максімальнай гандлёвай надбаўкі не вышэйшай за 25%.

Гранічная гандлёвая надбаўка прымяняецца з улікам аптовай надбаўкі да адпускной цаны вытворцы (імпарцёра), якая не павінна перавышаць 10%.

«Гэтая мера накіраваная на выключэнне магчымага завышэння цэн на грэчку пры іх устанаўленні», – растлумачылі ў МАРГ.

Пастанова набудзе моц 1 лістапада 2019 года і будзе дзейнічаць на працягу 90 дзён.

29 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад аб завяршэнні ўборачнай кампаніі 2019 года, адзначыў, што ўраджай грэчкі ў гэтым годзе меншы, чым у мінулым.

«У Расеі грэчкі няма наогул. Майце на ўвазе, што ўся гэта грэчка выцеча ў Расею, і мы застанемся з мінімумам грэцкіх круп і высокімі цэнамі. Не дай бог гэта адбудзецца па цэнаўтварэнні. Мы дамовіліся», – папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.