МАРГ: Ва ўрадзе разглядаюць пытанне пра змякчэнне цэнавага рэгулявання
Ва ўрадзе разглядаюць пытанне аб змякчэнні дзяржрэгулявання цэн, паведаміў 23 красавіка журналістам намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун.
У мэтах стрымлівання цэн на сацыяльна значныя тавары ўрадам 23 лютага была прынятая пастанова № 100, якая з 24 па 28 лютага ўстанавіла забарону на павышэнне цэн на сацыяльна значныя тавары, з сакавіка — вызначыла мяжу іх павышэння не больш за 0,2% на месяц. Гэтая пастанова закранула ў асноўным харчаванне.
„Трэба пераходзіць да больш ліберальных захадаў. Цяпер ва ўрадзе абмяркоўваецца магчымасць адмены гэтай пастановы. Літаральна некалькі дзён таму адбылося пасяджэнне камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння, там абмяркоўвалі гэтае пытанне”, — сказаў Картун.
Ён адзначыў, што па пытаннях цэнаўтварэння ўлады плануюць шукаць „больш кампрамісныя механізмы і для бізнесу, і для спажыўцоў”.
Намеснік міністра звярнуў увагу, што калі рэгуляваць цэны не мае сэнсу, МАРГ гэтым не займаецца. „У 2020-м мы паўгода рэгулявалі цэны на дэзынфікавальныя сродкі і маскі. У нас не было сваіх вытворцаў ні масак, ні сродкаў дэзынфекцыі, і назіраўся спекулятыўны рост цэн. Праз паўгода бізнес пераарыентаваўся, і цяпер у нас вытворцаў масак больш за 100 і прыблізна 20 вытворцаў сродкаў дэзынфекцыі”, — сказаў Картун.
Гэта, дадаў ён, дазволіла не толькі забяспечыць унутраны рынак такой прадукцыяй, але і накіроўваць яе на экспарт. „Цяпер мы абсалютна не рэгулюем цэны на маскі і дэзынфікавальныя сродкі. Таму там, дзе ёсць магчымасць, МАРГ спыняе рэгуляваць цэны”, — падкрэсліў Картун.
Каментуючы магчымы рост цэн у выпадку адмены пастановы № 100, намеснік міністра заявіў: „Мы трымаем руку на пульсе”.
„У прынцыпе, паводле нашых ацэнак, істотнага росту цэн не павінна быць… Мы будзем пільна глядзець за гандлем, каб не было якіх-небудзь злоўжыванняў. Будзем працаваць альбо ў кропкавым рэжыме, альбо будзе пераходны этап: памяняем жорсткае рэгуляванне на больш ліберальнае, напрыклад, па гандлёвай надбаўцы”, — растлумачыў намеснік кіраўніка МАРГ.
У першым квартале 2021 года інфляцыя ў Беларусі паскорылася і склала 3,8%. Згодна са звесткамі Нацыянальнага банка, гэта адбылося з-за росту цэн на прадукты харчавання на сусветным рынку, а таксама адмены некаторых ільгот па выплаце ПДВ — у прыватнасці для пастаўшчыкоў лекаў. У другім квартале, згодна з ацэнкай рэгулятара, інфляцыя можа скласці 1,2%.