МАРГ зацвердзіла тарыфы на прапампоўку нафты з Польшчы на Мазырскі НПЗ



Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пастановай ад 14 красавіка № 29 зацвердзіла тарыфы на прапампоўку нафты з Польшчы на Мазырскі НПЗ.

Як паведамляе прэс-служба МАРГ, „у мэтах магчымасці ажыццяўлення транспартавання нафты з тэрыторыі Польшчы” дакумент устанаўлівае тарыфы на паслугі па транспартаванні вуглевадароднай сыравіны па магістральных трубаправодах ААТ „Гомельтранснафта Дружба”, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, па маршруце Адамава Застава — Мазыр — ААТ „Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод”.

Згодна з дакументам, апублікаваным 23 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, тарыф пры разліку ў беларускіх рублях складзе 8,58 рубля за тону, у замежнай валюце — 3,56 еўра за тону.

Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра неабходнасць пачаць пастаўкі амерыканскай або саудаўскай нафты праз Польшчу рэверсам па трубаправодзе „Дружба”. Падчас нядаўняга візіту ў Менск дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа выказваў гатоўнасць забяспечыць Беларусь нафтай на 100% па канкурэнтных цэнах.

Як паведамлялася, канкрэтныя праекты па пастаўках энергарэсурсаў у Беларусь з Польшчы абмяркоўваліся 20 сакавіка на перамовах у фармаце відэаканферэнцыі кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея з міністрам замежных спраў Польшчы Яцакам Чапутовічам і ўпаўнаважаным польскага ўрада па пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пятром Наімскім. Паводле вынікаў перамоў Макей паведаміў: „Мы абмяркоўвалі пытанні дыверсіфікацыі паставак энергарэсурсаў з удзелам польскага боку. Мы гаварылі пра канкрэтныя праекты, і ёсць разуменне, што неабходна рухацца далей, і вынікі могуць быць дасягнутыя найбліжэйшым часам”. Пры гэтым ён не назваў аб’ёмы і тэрміны паставак энергарэсурсаў.

belapan.by