Марголін: «Дасягнуць узроўню нават 2021 года мы зможам, напэўна, праз гадоў пяць-шэсць»
Урад Беларусі прагназуе рост ВУП у 2023 годзе ў 3,8%, а Сусветны банк прагназуе, наадварот, падзенне ВУП на 2,5%. Таксама, паводле ацэнак міжнароднай структуры, росту вытворчасці ў РБ можна чакаць толькі ў 2024 годзе — на 2,5%.
«Салідарнасць» спытала эканаміста Льва Марголіна, наколькі рэальны прагноз Сусветнага банка, і як далейшае падзенне ВУП можа адбіцца на беларусах.
— Улічваючы рэпутацыю, якую мае наша беларуская статыстыка, я схільны давяраць прадбачанням у выкананні Сусветнага банка, асабліва, што тычыцца прагнозаў, — адзначае адмыслоўца.
Па словах эксперта, прагноз урада на 2023 год мала рэальны, таму што ён не ўлічвае дадатковыя стрэсы, якія адчувае беларуская эканоміка.
— Санкцыі, якія ўвялі супраць расейскай нафты ў снежні 2022 года і тых, якія будуць уведзеныя супраць нафтапрадуктаў у 2023 годзе. Гэтыя санкцыі вельмі балюча ўдараць па расейскай эканоміцы і бюджэце, што відаць ужо цяпер. Адпаведна, скароцяцца магчымасці расейскай дапамогі Беларусі.
Таму я абсалютна ўпэўнены, што ніякага росту эканомікі ў Беларусі ў 2023 годзе не будзе, а будзе далейшае падзенне.
Ужо як ацаніць памеры гэтага падзення, то, думаю, можна верыць інфармацыі Сусветнага банка, таму што там сядзіць досыць вялікі штаб аналітыкаў, якія ўзважваюць усе складнікі гэтага і робяць прагнозы досыць абгрунтавана.
Эканаміст лічыць, што ў 2023 годзе нічога не можа перашкодзіць падзенню і арганізаваць хоць нейкі значны рост ВУП. Каб гэтага дамагчыся, неабходна прыбіраць фактары, праз якія ўводзяцца санкцыі.
— Ва ўмовах санкцый процідзейнічаць гэтаму падзенню маглі б толькі нейкія значныя інвестыцыі, прычым не дзяржаўныя, якія, як мы бачым на прыкладзе Быхаўскага кансервавага завода, часам прыводзяць да процілеглых вынікаў.
Тут патрэбныя прыватныя інвестыцыі, прычым, пажадана, замежныя. А такіх інвестыцый не прадбачыцца. У адсутнасці гэтых інвестыцый нішто не можа перашкодзіць далейшаму падзенню беларускай эканомікі. Будзе добра, калі ў 2024-м удасца дамагчыся нейкага росту.
Без адмены санкцый ніякага росту быць не можа, і мы павінны разумець: нават калі ў 2024 годзе будзе 2,5% росту, то пасля падзення ў 8,5% такі рост усяго толькі крыху адыграе падзенне. Калі параўноўваць з 2021 годам, гэта ўсё роўна будзе падзенне.
Дасягнуць узроўню 2021 года пры нязменнай сітуацыі мы зможам, напэўна, праз гадоў 5-6. Калі ўмовы зменяцца і санкцыі здымуцца, гэта можа быць значна хутчэй.
Што тычыцца таго, як паўплывае далейшае падзенне ВУП на беларусаў, то Марголін прадбачыць наступнае:
— Улічваючы, што наша краіна ў дастатковай ступені забяспечвае сябе прадуктамі харчавання, адзеннем і абуткам, то ў нашых умовах падзенне ВУП адаб’ецца на ўсіх аднолькава, як масла, размазанае тонкім пластом. Мы ўсе ўбачым, што чагосьці не будзе ў аптэках, крамах, недаступныя будуць нейкія паслугі.
Але ў агульным і цэлым жыццё працягваецца, бо нават гэтыя 2,5%, якія прагназуюцца, азначаюць, што на тую ж самую зарплату можна будзе купіць на 2,5% менш. Гэта ўмоўнае, вядома, параўнанне, але для кожнага канкрэтнага чалавека гэта не вельмі шмат.
Можа быць знойдуцца катэгорыі, якія пацерпяць больш. Напрыклад, калі прыйдзецца зачыняць нейкія прадпрыемствы, то, вядома, іх работнікам прыйдзецца больш складана. Але цяпер я не гатовы прагназаваць, па кім гэта можа ўдарыць мацней за ўсё.