Марудная дэвальвацыя працягнецца



Былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч тлумачыць сёняшнюю стабільнасць беларускага рубля і прагназуе, што з нацыянальнай валютай будзе далей.

Сярэдні курс наяўнага даляра з пачатку года вырас на 24%, але ў мінулым месяцы знізіўся на 1,4%. 2 лістапада на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы курс даляра ЗША знізіўся на 17 рублёў – да 17.421 рубля. Курс еўра вырас на 60 рублёў.

Станіслаў Багданкевіч: Беларускі рубель зараз больш-менш стабілізаваўся. Гэта, на мой погляд, у асноўным звязана з тым, што ў нас знешнегадлёвы баланс збалансаваўся. Я маю на ўвазе, што дэфіцыт плацёжнага балансу не вельмі вялікі. Раней быў недзе 7 адсоткаў, а зараз – каля двух. Гэта звязана з тым, што ўлады дабіліся адтэрміноўкі пагашэння знешніх даўгоў Расеі і ідзе абнішчэнне насельніцтва. Імпарт скарачаецца, грашовая рублёвая маса выкарыстоўваецца на ўнутранае спажыванне, не хапае грошай на куплю валюты. Ідзе скарачэнне накапленняў. Народ з-за нізкіх заробкаў і пенсій і высокіх коштаў вымушаны праядаць свае зберажэнні.

РР: Ці працягнецца марудная дэвальвацыя?

Станіслаў Багданкевіч: Думаю, што працягнецца, бо ў эканоміцы не адбываецца ніякіх станоўчых момантаў. Мы бачым там адны мінусы. Таму дэвальвацыя можа і не будзе рэзкай, але паўзучая застанецца. Будзе і інфляцыя, і дэвальвацыя. На мой погляд, да канца году даляр будзе каштаваць у раёне 18 тысяч рублёў.

РР: А якія прагнозы можна зрабіць на наступны год?

Станіслаў Багданкевіч: Тут рана нешта казаць. Трэба пачакаць, якія планы і праграмы ўлады збіраюцца агучыць на Усебеларускім сходзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя