Мар’яна Шчоткіна заклікае бізнес да ўдзелу ў сацыяльным інвеставанні
«Патрабаваць дзяржава не можа і не будзе, трэба проста разам працаваць па пэўных кірунках», – заявіла журналістам у рамках першага форуму імпакт-інвестыцый, які зладзіла Праграма развіцця ААН у Беларусі, нацыянальны каардынатар па дасягненні мэт устойлівага развіцця, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Мар’яна Шчоткіна.
– Сацыяльныя праекты не даюць кароткачасовай аддачы таго, што ў іх укладзена. Але яны ўсё роўна заўсёды падтрымліваюць бізнес, з’яўляюцца неабходнай платформай не толькі для яго развіцця, але і падвышэння яго іміджу. Кожная крупная кампанія, акрамя прыбытку, заўсёды ставіць перад сабой мэту іміджавых інвестыцый, падтрымкі свайго брэнда. І вельмі важна браць удзел разам з дзяржавай і грамадствам у працы па дасягненні мэт устойлівага развіцця.
Форум імпакт-інвестыцый павінен стаць платформай для прэзентацыі інвестыцыйных магчымасцяў у сферы чатырох акселератараў устойлівага развіцця, рэкамендаваных для Беларусі місіяй ААН і ўхваленых урадам Беларусі. Гэта зялёны пераход да інклюзіўнага і ўстойлівага росту, арыентацыі на будучыя пакаленні, лічбавыя трансфармацыі і сацыяльныя інавацыі, а таксама гендарная роўнасць у грамадстве.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск