Масква дазволіла Менску не плаціць па новых крэдытах да 2029 года
Менск зможа плаціць Маскве па крэдытах гэтага года з 2029 па 2034 гады. Адпаведны закон пра ратыфікацыю пагаднення паміж урадамі Беларусі і Расеі падпісаў Уладзімір Пуцін. Гаворка ідзе пра крэдыты, выданыя з красавіка да канца бягучага года.
Раней расейскае інфармацыйнае агенцтва РИА «Новости» паведамляла, што пра перанос па плацяжах папрасіў беларускі бок.
Расея выдзеліла Беларусі крэдыты на 17 імпартазамяшчальных праектаў. Гэта амаль 1,2 мільярды даляраў, піша Office Life.
Цэны на білеты з Польшчы ў Беларусь выраслі ў 2-3 разы
Білеты на многія рэйсы з Варшавы ў беларускія гарады на святы ўжо распрададзеныя, а на тыя, што засталіся, перавозчыкі ўзвінцілі цэны ў некалькі разоў. Гэта тлумачыцца павышаным попытам.
Цэны на квіткі з Менска да Варшавы блізкія да стандартных. За выключэннем 2 студзеня, калі цана пачынаецца з 200 рублёў. У адваротным кірунку, з Варшавы да Менска, звычайна можна дабрацца за 110-140 рублёў. Але з набліжэннем Калядаў і Новага года тарыф пачынае расці. Білеты на пятніцу 15 снежня засталіся толькі па 200 рублёў з чалавека. На некаторыя іншыя перадсвяточныя дні — па 250 рублёў з чалавека ў адзін бок.
З Гародні да Варшавы можна даехаць за 100-110 рублёў. Гэта звычайная цана. Але з адваротным маршрутам няпростая сітуацыя. Засталося крыху квіткоў з Варшавы да Гародні з выездам вечарам 25 снежня. Цана — 340 рублёў з чалавека ў адзін бок. Такія самыя цэны і на 28 снежня. (Наша Ніва)
Белстат расказаў, што найбольш падаражэла ў лістападзе
Крыніца скачка інфляцыі ў лістападзе — звычайная гародніна. Як паведаміў Белстат, у лістападзе цэны ў параўнанні з кастрычнікам мінулага года выраслі на 0,7%. У выніку гадавая інфляцыя паскорылася — з леташняга снежня па сёлетні кастрычнік яна склала 4,3%, а праз месяц – ужо 4,9%.
Прычынай павышэння цэн у лістападзе стала гародніна. Яна падаражэла за месяц на 21,4%. На 2,2% падаражэла садавіна. Нязначна падаражэлі мука, макаронныя вырабы, мыйныя сродкі, лекі, паслугі ЖКГ, бытавыя паслугі, дываны. Але тое-сёе і патаннела. Абутак — на 0,7%, чыгуначныя перавозкі — на 2,6%, турыстычныя паслугі — на 12,1%. (Радыё Свабода).
Ватыканскія музеі абвясцілі аб павышэнні цаны ўваходнага білета
З 1 студзеня 2024 года падаражаюць білеты ў Ватыканскія музеі. Цана поўнага білета павялічыцца да 20 еўра, паведамляюць Vatican News Ільготны тарыф застанецца ранейшым і складзе 8 еўра. Кошт неабавязковага папярэдняга браніравання ў памеры 5 еўра таксама не зменіцца.
Як паведаміла кіраўніцтва Ватыканскіх музеяў, неабходнасць павышэння кошту білетаў выклікана агульным ростам цэн. Новы тарыф дазволіць дасягнуць больш эфектыўнага кіравання музейным комплексам і захавання мастацкай, гістарычнай і культурнай спадчыны Касцёла ў рамках агульнай рэарганізацыі парадку наведвання музеяў турыстамі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: OL.